Папа да святароў Рыма: мы благаслаўляем людзей, а не грэх

13 студзеня 2024 года раніцай Папа сустрэўся з рымскім духавенствам у базіліцы Святога Яна на Латэране. Размова, якая доўжылася каля трох гадзін, як паведаміла Рымская дыяцэзія, прайшла “ў адкрытай і звыклай абстаноўцы, у сардэчнай атмасферы дыялогу”.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Больш за 800 святароў, дыяцэзіяльных і кансэкраваных, а таксама пастаянных дыяканаў, якія нясуць пастырскае служэнне ў Рымскай дыяцэзіі, прынялі запрашэнне да ўдзелу ў мерапрыемстве, якое насіла канфідэнцыяльны характар.

“Місіянерская зямля” – так Францішак ахарактарызаваў Рым. Ён звярнуўся з заклікам да евангелізацыі ўсёй касцёльнай супольнасці, а затым абвясціў, што адновіць наведванне парафій дыяцэзіі пасля перапынку, звязанага з пандэміяй.

Пантыфік прапанаваў духавенству свабодна і шчыра задаваць пытанні. Іх было каля трыццаці. Ён казаў аб неабходнасці евангелізацыі ў язычніцкім кантэксце, падкрэсліваючы важнасць асабістага сведчання.

Францішак адказаў і на пытанні аб благаслаўленні гомасексуальных пар, заявіўшы, што гэта не змяняе дактрыны аб сакрамэнце сужэнства паміж мужчынам і жанчынай. Мы благаслаўляем людзей, а не грэх. Адказваючы на пытанне святара з Афрыкі, ён сказаў, што афрыканская культура не прымае такія благаслаўленні, таму што на кантыненце існуе іншае ўспрыняцце. На днях гэта было высветлена з кардыналам Амбонга.

Папа з жалем адзначыў, што многія дрэнна чытаюць касцёльныя тэксты: трэба добра слухаць, падкрэсліў ён, нагадаўшы, што канфлікты трэба вырашаць, а не хаваць. Ён запрасіў заўсёды прабачаць: “Я заўсёды прабачаю, мы заўсёды павінны мець міласэрнасць”.

Пра дыяканаў Францішак сказаў, што яны павінны быць сярод людзей, на службе патрабуючым. Напрыканцы ён нагадаў, што казанні павінны быць кароткімі, каля 7-8 хвілін, прамымі, перадаваць дух Слова Божага.
 

14 студзеня 2024, 11:31