Папа: каталіцкія універсітэты павінны выражаць любоў Бога да чалавека
Аляксандр Панчанка - Vatican News
19 студзеня 2024 года Папа прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане дэлегацыю Міжнароднай федэрацыі каталіцкіх універсітэтаў. Сустрэча была прымеркавана да стагоддзя гэтага аб’яднання, пачатак існаванню якога даў у 1924 годзе Пій XI.
Францішак уручыў сваім гасцям тэкст прамовы, у якім адзначыў, што сёння ў свеце налічваецца каля двух тысяч каталіцкіх універсітэтаў. Ён заклікаў развіваць “больш эфектыўнае і дзейснае супрацоўніцтва” паміж імі, нагадваючы, што “ў эпоху моцнай фрагментацыі мы павінны мець адвагу, каб ісці супраць плыні, глабалізуючы надзею, адзінства і згоду, замест абыякавасці, палярызацыі і канфліктаў”.
Папа нагадаў, што актуальную структуру Федэрацыя набыла пасля Другой сусветнай вайны. “На жаль, гэты стагадовы юбілей мы адзначаем таксама ў кантэксце вайны, фрагментарнай трэцяй сусветнай вайны. Таму вельмі важна, каб каталіцкія ўніверсітэты былі галоўнымі героямі будавання культуры міру, у яго шматлікіх вымярэннях, якія павінны разглядацца ў міждысцыплінарным ключы”, - сцвердзіў Пантыфік.
Святы Айцец пажадаў, каб каталіцкія ўніверсітэты выражалі любоў Бога да чалавека. У час, калі адукацыя ператварылася ў прыбытковы бізнес, “структуры Касцёла павінны паказаць, што маюць іншую прыроду і дзейнічаюць згодна з іншай логікай”: каталіцкія ўніверсітэты павінны характарызавацца супольным пошукам праўды і гарызонтаў сэнсу, а ўсё гэта павінна адбывацца ў супольнасці, у якой можна асабіста спазнаць любоў.
Пантыфік пажадаў, каб каталіцкія ўніверсітэты не замянялі сваіх высокіх памкненняў, натхнёных любоўю, утылітарызмам і бюракратыяй. “Не дастаткова даваць навуковыя ступені: неабходна абуджаць і захоўваць у кожным чалавеку жаданне быць. Не дастаткова дазваляць будаваць канкурэнтную кар’еру: трэба дапамагаць адкрываць плённыя пакліканні, натхняць на шляхі сапраўднага жыцця і інтэграваць уклад кожнага ў крэатыўную дынаміку супольнасці”, - адзначыў Францішак, дадаючы: важна не толькі ісці “у нагу з часам” і думаць пра развіццё штучнага інтэлекту, але таксама развіваць інтэлект духоўны, без якога чалавек застаецца чужынцам для самаго сябе.
Святы Айцец заклікаў каталіцкія ўніверсітэты не баяцца новых культурных выклікаў, не закрывацца ў “бяспечнай сацыяльнай бурбалцы” і не адварочвацца ад складанасці рэчаіснасці. Ён заахвоціў “не множыць муры, уласцівыя грамадствам у якім жывём: няроўнасці, дэгуманізацыі, нецярпімасці і абыякавасці, шматлікіх мадэляў, якія маюць на мэце ўмацаванне індывідуалізму і не інвестуюць у братэрства”.
Папа адзначыў, што важна клапаціцца не толькі пра прэстыж каталіцкіх навучальных устаноў і іх месца ў сусветных рэйтынгах. “Мы павінны заўсёды пытацца ў сябе: для чаго патрэбна наша навука? Якім фармацыйным патэнцыялам валодаюць веды, якія даём? Чаму і каму мы служым? Нейтральнасць – гэта ілюзія. Каталіцкі ўніверсітэт павінен рабіць выбары, якія адлюстроўваюць Евангелле, павінен займаць пазіцыю і выразна сведчыць пра яе сваімі дзеяннямі, павінен “запэцкаць рукі” у евангельскім сэнсе, перамяняючы свет і служачы чалавеку”, - падкрэсліў Францішак.
Напрыканцы звароту Пантыфік пажадаў, каб каталіцкія ўніверсітэты дапамаглі Касцёлу праліваць святло на самыя глыбокія чалавечыя памкненні; без страху весці дыялог на самыя галоўныя тэмы сучаснасці; перакладаць хрысціянскае натхненне на мову, зразумелую новым пакаленням і свету; вызначаць новыя межы мыслення, навукі і тэхналогіі і засяляць іх з раўнавагай і мудрасцю; будаваць саюзы паміж пакаленнямі і культурамі дзеля клопату пра супольным дом і кіруючыся бачаннем інтэгральнай экалогіі, якое дае плённы адказ на вокліч зямлі і бедных.