Папа суддзям Рымскай роты: спрыяць праўдзе і дабру людзей

Шляхі, якія разыходзяцца са справядлівасцю і праўдай, садзейнічаюць аддаленню людзей ад Бога, даючы вынік, адваротны таму, які шукаўся з добрымі намерамі, нагадаў Францішак суддзям Трыбунала Рымскай Роты.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

25 студзеня 2024 года Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі дэлегацыю суддзяў і супрацоўнікаў вышэйшага апеляцыйнага суда Каталіцкага Касцёла. Ён прысвяціў свой зварот тэме распазнавання, падкрэсліваючы, што суддзі пакліканы здзяйсняць яго пры разглядзе спраў аб прызнанні сапраўднасці ці несапраўднасці сужэнства, заключанага ў Касцёле.

Францішак нагадаў пра нядаўнюю рэформу касцёльнага заканадаўства ў гэтай сферы, якая дазволіла скараціць час правядзення сужэнскіх судовых працэсаў і спрасціць іх працэдуру. Ён заўважыў, што гэта было зроблена не для таго, каб спрыяць большаму прызнанню несапраўднасці сужэнстваў, але каб “сэрцы вернікаў, якія чакаюць праяснення ўласнага стану, не былі на працягу доўгага часу прыгнечаны цьмянасцю сумнева”.

Таксама “ў святле міласэрнасці да людзей і іх сумленняў, з’яўляецца важным судовае распазнаванне”, якое “мае неад’емную душпастырскую каштоўнасць і гарманічна ўпісваецца ў агульнае душпастырства сем’яў”, - сказаў Папа, дадаючы, што яно дазваляе здзейсніцца таму, пра што пісаў святы Тамаш Аквінскі: “Міласэрнасць не пазбаўляе справядлівасці, але з’яўляецца паўнатой справядлівасці”.

Пантыфік нагадаў, што судовыя працэсы аб сужэнскіх сітуацыях няпростыя, таму суддзям патрэбна дапамога Святога Духа. “Давайце будзем заўсёды памятаць: распазнаванне здзяйсняецца “на каленях”, просячы аб дары Святога Духа: толькі такім чынам мы прыходзім да рашэнняў, скіраваных на дабро людзей і ўсёй касцёльнай супольнасці”, - сцвердзіў Папа.

Францішак падкрэсліў, што аб’ектыўнасць распазнавання патрабуе свабоды суддзяў ад усялякай прадузятасці, як на карысць абвяшчэння несапраўднасці сужэнства, так і супраць гэтага. Таму “неабходна вызваліцца як ад суровасці, якая прэтэндуе на абсалютную ўпэўненасць, так і ад падыходу, натхнёнага фальшывай перакананасцю ў тым, што найлепшым выйсцем заўсёды з’яўляецца прызнанне несапраўднасці”, - сказаў Святы Айцец, нагадваючы, што “шляхі, якія разыходзяцца са справядлівасцю і праўдай, садзейнічаюць аддаленню людзей ад Бога, даючы вынік, адваротны таму, які шукаўся з добрымі намерамі”.

Папа падкрэсліў, што для здзяйснення распазнавання суддзі патрабуюць дзвюх цнот: “разважлівасці і справядлівасці, якія павінны кіравацца любоўю”. “Распазнанне адносна сапраўднасці повязі – гэта складаная працэдура, адносна якой мы ніколі не павінны забываць, што інтэрпрэтацыя касцёльнага права павінна здзяйсняцца ў святле праўды пра непарыўнасць сужэнства”, - звярнуў увагу Пантыфік.

Францішак нагадаў таксама пра важнасць сінадальнасці падчас распазнавання, якое здзяйсняюць суддзі. “Калі суд калегіяльны, як гэта бывае звычайна, або калі суддзя адзін, але ён кансультуецца з адказнымі асобамі, тады распазнаванне здзяйсняецца ў атмасферы дыялогу і дыскусіі, у якой шчырасць і слуханне – гэта фундаментальныя прынцыпы для супольнага пошуку праўды”, - сцвердзіў Папа, заклікаючы суддзяў да паслухмянасці Святому Духу і гатоўнасці заставацца, ва ўсіх абставінах, людзьмі, якія чыняць справядлівасць.
 

25 студзеня 2024, 11:20