Святы Айцец: спорт – дыялог, які дазваляе стаць лепшымі

У жыцці, як і ў спорце, мы заўсёды знаходзімся ў прысутнасці Пана, які вучыць нас значэнню павагі, разумення і патрэбы ў пастаяннай камунікацыі з іншым, адзначыў Папа.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

29 студзеня 2024 года Францішак прыняў у Ватыкане дэлегацыю іспанскага Каралеўскага тэніснага клуба Барселона (Real Club de Tenis Barcelona). Нагодай для аўдыенцыі стала 125-годдзе гэтага спартыўнага аб’яднання. Пантыфік выкарыстаў яе, каб нагадаць пра “магчымасці, якія дае спорт для развіцця кожнага чалавека і грамадства”.

Францішак заклікаў “разумець спорт”, у тым ліку тэніс, “не толькі як спаборніцтва, але таксама як дыялог”. “У тэнісе, як і ў жыцці, мы не можам выігрываць заўсёды”, - сказаў ён, адзначаючы, што спорт можа стаць узбагачальным досведам, калі, гуляючы сумленна і паводле правілаў, мы навучымся таму, што “гэта не барацьба, а дыялог, які прадугледжвае нашы намаганні і дазваляе стаць лепшымі”.

Як на корце, так і ў жыцці, мы заўсёды знаходзімся ў прысутнасці Пана, які вучыць нас значэнню павагі, разумення і патрэбы ў пастаяннай камунікацыі з іншым”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Папа адзначыў, што некаторыя выхаванцы Каралеўскага тэніснага клуба Барселона сталі сусветна вядомымі спартсменамі. “Гэта вялікі выклік, але калі працуем з гэтымі дзецьмі, што мараць пра цудоўную спартыўную будучыню, фізічныя трэніроўкі не павінны пераважаць над іх цэласным развіццём, бо няма нічога важнейшага за чалавечае і духоўнае развіццё”, - падкрэсліў Святы Айцец, выказваючы пажаданне “каб, дзеці ніколі не пераставалі быць дзецьмі”.
 

29 студзеня 2024, 12:11