Папа: ускраіны могуць стаць майстэрнямі сацыяльных інавацый

20 студзеня 2024 года Папа прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане дэлегацыю італьянскай Асацыяцыі па спрыянні субсідыярнасці і мадэрнізацыі органаў самакіравання.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Адсутнасць магчымасцяў часта прымушае найбольш прадпрымальную частку насельніцтва з’язджваць, і гэта робіць перыферыйныя тэрыторыі менш цікавымі, усё больш пакінутымі самім сабе. Застаюцца ў асноўным пажылыя людзі і тыя, каму цяжка знайсці альтэрнатыву. Як наступства, патрэба ў сацыяльнай дзяржаве на гэтых тэрыторыях расце, а рэсурсы для гэтага змяншаюцца”, - адзначыў Пантыфік.

Святы Айцец адзначыў, што менавіта ў правінцыі сканцэнтравана большасць прыроднага багацця краіны, але зыход насельніцтва ў буйныя гарады робіць складаным клопат пра гэтыя тэрыторыі.

“Пакінутыя тэрыторыі становяцца больш уразлівымі, а іх занядбанне прыводзіць да бедстваў і надзвычайных сітуацый, асабліва сёння, калі ўсё часцей адбываюцца экстрэмальныя з’явы: напрыклад праліўныя дажджы, паводкі і апоўзні; засуха і пажары, буры і гэтак далей. Гледзячы на гэтыя тэрыторыі, мы маем пацвярджэнне таго факту, што слухаць вокліч зямлі значыць слухаць вокліч бедных і адчужаных, і наадварот: ва ўразлівасці людзей і асяроддзя мы распазнаем, што ўсё ўзаемазвязана, што пошук рашэнняў патрабуе разглядання разам феноменаў, якія нам могуць здавацца не звязанымі паміж сабой”, - сказаў Папа.

Францішак звярнуў увагу на праблему скарачэння нараджальнасці ў Італіі, нагадваючы, што ад колькасці дзяцей залежыць пытанне выжывання, а таксама заахвоціў да крэатыўнага спрыяння адраджэнню перыферый.

“Як у старажытнасці, так і сёння, перыферыйныя тэрыторыі можна ператварыць у майстэрні сацыяльных інавацыі, выходзячы з перспектывы – перспектывы ўскраін – якая дазваляе па іншаму ўбачыць дынаміку грамадства, адкрываючы магчымасці там, дзе іншыя бачаць толькі абмежаванні, а таксама рэсурсы ў тым, што іншыя лічаць выдаткамі”, - адзначыў Святы Айцец.

Папа закліках да пошуку новых узаемаадносін паміж дзяржаўным і прыватным сектарамі, асабліва з прыватным сацыяльным сектарам. “Дэфіцыт рэсурсаў у перыферыйных раёнах робіць людзей больш гатовымі да супрацоўніцтва на карысць таго, што здаецца агульным дабром; такім чынам узнікае магчымасць адкрыцця пляцовак удзелу, спрыяючы абнаўленню дэмакратыі ў яе самым глыбокім сэнсе”, - дадаў Пантыфік.
 

20 студзеня 2024, 13:16