SWITZERLAND-DIPLOMACY-ECONOMY-SUMMIT-DAVOS

Папа ўдзельнікам форума ў Давосе: мір – плён справядлівасці

Вельмі важна, каб дзяржавы і бізнес аб’ядналіся ў прасоўванні дальнабачных і этычна абгрунтаваных мадэляў глабалізацыі, падпарадкоўваючы пошук улады і індывідуальнай выгады агульнаму дабру, - падкрэсліў Папа.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак скіраваў пасланне на імя Клауса Марціна Шваба, заснавальніка і старшыні Сусветнага эканамічнага форума – буйной сустрэчы палітычных і эканамічных лідараў, якая 16 студзеня 2024 года ў 54 раз распачалася ў швейцарскім Давосе. У ёй бяруць удзел каля 2800 кіраўнікоў дзяржаў, урадаў, прадстаўнікоў бізнесу і міжнародных арганізацый.

“Як магчыма, што ў сучасным свеце людзі паміраюць ад голаду, падвяргаюцца эксплуатацыі, асуджаюцца на непісьменнасць, не маюць базавай медыцынскай дапамогі і застаюцца без даху над галавой?”, - спытаўся ў сваім звароце Святы Айцец.

Папа заўважыў, што Сусветны эканамічны форум праходзіць у атмасферы міжнароднай нестабільнасці, якая выклікае моцнае хваляванне. Ён звярнуў увагу на ўсё большыя падзелы ў свеце і ўмацаванне пакут мільёнаў людзей, у тым ліку з прычыны войнаў. Гэтыя пакуты абцяжарваюцца тым, што сучасныя войны больш не вядуцца на выразна акрэсленых палях бітвы і закранаюць не толькі салдат, але таксама часта нявыбарачна ўдараюць па мірным насельніцтве, - нагадаў Пантыфік.

Францішак выказаў спадзяванне, што падчас дыскусій у Давосе будзе ўлічвацца “неадкладная патрэба ў прасоўванні сацыяльнай згуртаванасці, братэрстве і прымірэнні паміж групамі, супольнасцямі і дзяржавамі, каб адказаць на праблемы, з якімі мы сутыкаемся”.

Першай з гэтых праблем Святы Айцец назваў мір. Ён нагадаў, што мір немагчымы без справядлівасці, таму, для яго дасягнення “не дастаткова толькі адкласці ў бок ваенныя прылады”: неабходна змагацца з несправядлівасцю, якая ляжыць у аснове канфліктаў, у першую чаргу з голадам, “які працягвае мучыць цэлыя рэгіёны свету, у той час як іншыя пазначаны празмерным марнаваннем ежы”. “Выкарыстанне прыродных рэсурсаў працягвае ўзбагачаць вузкае кола людзей, пакідаючы цэлыя народы, якія павінны быць бенефіцыянтамі гэтых рэсурсаў, у стане галечы і беднасці”, - дадаў Папа.

Пантыфік нагадаў пра “ўзаемазалежнасць краін і народаў свету” і пажадаў, каб гэта “фундаментальна этычнае вымярэнне”, бралася пад увагу падчас дыскусій аб пытаннях эканомікі, культуры, палітыкі і рэлігіі, накіраваных на праектаванне будучыні міжнароднай супольнасці.

“У свеце, якому ўсё больш пагражаюць гвалт, агрэсія і фрагментацыя, вельмі важна, каб дзяржавы і бізнес аб’ядналіся ў прасоўванні дальнабачных і этычна абгрунтаваных мадэляў глабалізацыі, якія па сваёй прыродзе павінны падпарадкоўваць пошук улады і індывідуальнай выгады, як палітычнай, так і эканамічнай, агульнаму дабру нашай чалавечай сям’і, надаючы прыярытэт бедным, людзям у патрэбе і тым, якія знаходзяцца ў найбольш уразлівых сітуацыях”, - напісаў Францішак.

Святы Айцец адзначыў, што прыватныя прадпрыемствы пакліканы кіравацца не толькі пошукам справядлівага прыбытку, але таксама “высокімі этычнымі стандартамі”, асабліва ў адносінах “да менш развітых краін, якія не павінны знаходзіцца ў залежнасці ад злоўжыванняў або ліхвярскіх фінансавых сістэм”.

На думку Папы, існуе патрэба ў сапраўдным і глабальным развіцці, якое будзе падзяляцца ўсімі, а таксама ў здольнасці міжурадавых структур эфектыўна выконваць свае функцыі па кантролі і кіраванні ў эканамічным сектары. Міжнародныя арганізацыі “пакліканы гарантаваць дасягненне роўнасці, якая знаходзіцца ў аснове права ўсіх удзельнічаць у працэсе поўнага развіцця, з павагай да законных адметнасцей”, - дадаў Святы Айцец.

Напрыканцы паслання ён заклікаў “аднавіць барацьбу і здабыткі мінулых пакаленняў, імкнучыся ўсё вышэй і вышэй”, бо “дабро, разам з любоўю, справядлівасцю і салідарнасцю, не дасягаюцца аднойчы і назаўсёды, але павінны рэалізоўваюцца кожны дзень”.
 

17 студзеня 2024, 12:31