Святы Айцец: ахоўваць веру і абвяшчаць яе ва ўсім свеце
Марыя Валодзіна - Vatican News
26 студзеня 2024 года Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Апостальскім палацы прэфекта і супрацоўнікаў Дыкастэрыі веравучэння, падзякаваўшы ім за “каштоўную працу”.
Папа нагадаў, што згодна з Апостальскай Канстытуцыяй Praedicate Evangelium, задача Дыкастэрыі веравучэння складаецца ў тым, каб дапамагаць Пантыфіку і біскупам у абвяшчэнні Евангелля ва ўсім свеце, прасоўваючы і абараняючы цэласнасць каталіцкага вучэння аб веры і маралі. Менавіта для дасягнення гэтай мэты ў ведамстве былі створаны дзве асобныя секцыі: дактрынальная і дысцыплінарная (motu proprio Fidem servare, 11 лютага 2022), З аднаго боку, прысутнасць кампетэнтных спецыялістаў у дысцыплінарнай секцыі дазваляе забяспечыць прымяненне дзеючага кананічнага заканадаўства, асабліва ў выпадках злоўжыванняў. З іншага боку, дактрынальная секцыя, дзе няма недахопу ў падрыхтаваных тэолагах і кваліфікаваным персанале, грае фундаментальную ролю ў перадачы веры.
Святы Айцец падзяліўся з гасцямі некаторымі разважаннямі адносна трох слоў: сакрамэнт, годнасць і вера.
Па-першае, дзякуючы сакрамэнтам жыццё Касцёла сілкуецца і расце, а вернікі становяцца здольнымі да прароцтва і сведчання. “У наш час мы маем асаблівую патрэбу ў прароках новага жыцця і сведках міласэрнасці”, - падкрэсліў Папа, заахвочваючы любіць прыгажосць і выратавальную сілу сакрамэнтаў.
Па-другое, як хрысціяне, мы не павінны стамляцца “настойваць на першынстве чалавечай асобы і абароне яе годнасці”, - нагадаў Пантыфік, выказваючы спадзяванне, што новы дакумент на гэтую тэму, над якім працуе дыкастэрыя, дапаможа Касцёлу заўсёды быць побач з тымі, з кім не лічацца.
Па-трэцяе, неабходна ахоўваць веру, таму што на шырокіх прасторах нашай планеты вера больш не з'яўляецца відавочнай, у ёй адмаўляюць, за яе высмейваюць і маргіналізуюць. “Таму прыйшоў час яшчэ раз і з большым запалам задумацца над такімі тэмамі, як абвяшчэнне веры ў сучасным свеце, асабліва маладому пакаленню, місіянерскае выкарыстанне касцёльных структур, новыя гарадскія культуры з іх цяжарам праблем, але таксама і новым пошукам сэнсу, цэнтральнае месца kerigma у жыцці і місіі Касцёла”, - сказаў Папа, дадаючы, што ў евангелізацыі і ахове веры разлічвае на дапамогу Дыкастэрыі веравучэння.
Напрыканцы прамовы Францішак удакладніў, што мэта нядаўняй дэкларацыі Fiducia Supplicans складаецца ў тым, каб “паказаць блізкасць Пана і Касцёла да ўсіх тых, хто, апынуўшыся ў розных сітуацыях, просіць дапамогі ў прасоўванні наперад па шляху веры”. Папа адзначыў, што, па-першае, гэтыя благаслаўленні не патрабуюць "маральнай дасканаласці", па-другое, благаслаўляецца не саюз, а людзі, якія просяць аб гэтым, “прымаючы пад увагу кантэкст, адчувальнасць, мясцовасць, і найбольш прыдатныя спосабы зрабіць гэта”.