Святы Айцец: экуменічны шлях заўсёды вядзе да Езуса

Уся супольнасць ахрышчаных хрысціян здзяйсняе падарожжа, агульная мэта якога – Хрыстус, зазначыў Папа падчас сустрэчы з фінскай экуменічнай дэлегацыяй.

Марыя Валодзіна - Vatican News

19 студзеня 2024 года Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане дэлегацыю з Фінляндыі, у склад якой увайшлі католікі, лютэране і праваслаўныя. Яны прыбылі ў Рым у пілігрымку з нагоды ўрачыстасці святога Генрыха, памяць якога ўшаноўваецца ў Каталіцкім Касцёле менавіта 19 студзеня.

Пантыфік адзначыў, што ўся супольнасць ахрышчаных хрысціян здзяйсняе падарожжа, агульная мэта якога – Езус Хрыстус. “Гэтая мэта не далёкая і не недасягальная, бо Пан прыйшоў нам насустрач, наблізіўся да нас, увасобіўся і праклаў шлях, каб мы маглі бяспечна падарожнічаць па скрыжаваннях і ілжывых сцежках свету. А свет ілжывы”, - папярэдзіў Францішак.

“Святыя – нашы браты і сёстры, якія ўжо здзейснілі гэта падарожжа і дасягнулі мэты. Яны суправаджаюць нас як жывыя сведкі Хрыста, Які ёсць шлях, ісціна і жыццё. Яны заахвочваюць нас упарта ісці па шляху вучнёўства, нават калі мы выбіваемся з сіл і падаем. Як светачы, запаленыя Богам, яны асвятляюць нам шлях, каб мы трымалі ў полі зроку мэту”, - нагадаў Папа.

У мінулым культ святых, здавалася, быў хутчэй крыніцай падзелу, чым адзінства, католікаў і праваслаўных, з аднаго боку, католікаў і евангелістаў, з другога. “Так не павінна быць і, па сутнасці, ніколі не было ў святога вернага народа Божага”, - зазначыў Папа, прыводзячы ў прыклад словы эўхарыстычнай малітвы Нябеснаму Айцу, веліч і ласку якога абвяшчае мноства святых.

Папа працытаваў словы святога Яна Паўла II з энцыкліцы Ut Unum Sint аб тым, што ўсведамленне нашага абавязку маліцца аб адзінстве стала неад'емнай часткай жыцця Касцёла. Ён нагадаў пра вялікіх скандынаўскіх святых: Брыгіту, Генрыха і Олафа. “Калі тысячагоддзе з дня смерці святога Олафа ў 2030 годзе зможа натхніць і паглыбіць нашу малітву аб адзінстве і наша сумеснае падарожжа, гэта стане падарункам усяму экуменічнаму руху”, - адзначыў Святы Айцец.

Сустрэча з фінскай экуменічнай дэлегацыяй з'яўляецца “жывым знакам” Тыдня малітвы аб еднасці хрысціян, - сказаў Францішак, запрашаючы гасцей клапаціцца аб тым, каб гэтая штогадовая экуменічная падзея працягвала квітнець і пашырацца.

Напрыканцы аўдыенцыі прысутныя, кожны на сваёй мове, прачыталі малітву Ойча наш.

19 студзеня 2024, 11:05