Святы Айцец моладзі: вучыцца глядзець на жыццё вачыма Езуса
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Папа скіраваў ліст да моладзі, прымеркаўшы яго да выйсця новага выдання Youcat – катэхізіса Каталіцкага Касцёла, адрасаванага новым пакаленням. 22 студзеня 2024 года яго зварот пад загалоўкам Пароль для радасці (La password della gioia) апублікавала італьянскае выданне La Stampa.
Францішак заахвоціў юнакоў і дзяўчат рупліва вывучаць моладзевы катэхізіс, нагадваючы ім, што “любоў – гэта першая прычына існавання Касцёла”. “Я кажу, у першую чаргу, пра пяшчотную і міласэрную любоў Бога Айца да кожнага чалавека, якую Езус Хрыстус адкрыў нам сваіх жыццём, смерцю і ўваскрасеннем”, - падкрэсліў ён, заклікаючы адказаць на любоў Бога нашай любоўю да Яго і да братоў і сясцёр.
Святы Айцец спаслаўся на словы Бэнэдыкта XVI, які пісаў у сваёй першай энцыкліцы Deus caritas est: “Імкненне быць хрысціянінам не з’яўляецца вынікам этычнага выбару або нейкай вялікай ідэі, але вынікам спаткання з падзеяй, з Асобай, якая надае жыццю новую перспектыву і тым самым выразны накірунак”. Ён падкрэсліў, што быць хрысціянамі значыць быць закаханымі ў Езуса Хрыста, сустракацца з Ім і распавядаць пра Яго – прагнуць знаёміць з Ім іншых людзей.
Евангелізаваць – азначае несці любоў Хрыста ў свет, а новае выданне моладзевага катэхізіса Youcat з’яўляцца плёнам такой любові, - напісаў Пантыфік, адзначаючы, што ў гэтай кнігі, няма іншых мэт, акрамя абуджэння і аднаўлення ў моладзі моцнай любові да Езуса. “Гэта яе адзіная мэта”, - сцвердзіў ён.
Папа нагадаў словы Бэнэдыкта XVI, які заклікаў моладзь прысвячаць час на вывучэнне катэхізісу і рабіць гэта не толькі самастойна, у цішыні ўласнага пакою, але таксама і разам з сябрамі і братамі ў веры, абмяркоўваючы прачытанае і размаўляючы пра сваю веру.
Пантыфік заахвоціў юнакоў і дзяўчат ніколі не губляць сувязі з Хрыстом, наследуючы прыклад святога Альберта Уртада з Чылі, які, сутыкаючыся з неабходнасцю прыняць рашэнне ці зрабіць пэўны выбар, заўсёды задаваўся пытаннем пра тое, што б зрабіў на яго месцы Езус.
Францішак адзначыў, што, злучаючы вывучэнне Youcat з чытаннем Евангелля і штодзённай малітвай, маладыя людзі могуць навучыцца глядзець на свет і штодзённыя падзеі вачыма Хрыста, а гэта “пароль для па-сапраўднаму актыўнага і радаснага жыцця”.