Францішак прайшоў дыягнастычнае абследаванне
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
28 лютага 2024 года, пасля агульнай аўдыенцыі, на якой Францішак прысутнічаў у інваліднай калясцы, пакінуўшы чытанне тэксту катэхезы мансеньёру Філіпа Чампанэлі з Дзяржаўнага сакратарыята, ён адправіўся ў філіял бальніцы імя Агасціна Джэмэлі на Тыбрскім востраве для правядзення дыягнастычнага абследавання. Пра гэта паведаміла Зала Друку Святога Пасада, адзначыўшы, што пасля медыцынскага агляду Святы Айцец вярнуўся ў Ватыкан.
Францішак, якому ў снежні 2023 года споўнілася 87 гадоў, не ўпершыню за апошнія месяцы мае праблемы з дыханнем. У снежні 2023 года ён быў вымушаны адмяніць запланаванае падарожжа ў Дубай на канферэнцыю па клімаце, а ў чытанні тэкстаў падчас малітвы Анёл Панскі і агульных аўдыенцый яму тады дапамагалі супрацоўнікі. Раней, у сакавіку 2023 года, Папа быў шпіталізаваны ў клініку імя Агасціна Джэмэлі. Прычына ўсё тая ж – праблемы з дыханнем.