Пантыфік: адчуць нашу прыналежнасць Богу
Марыя Валодзіна - Vatican News
У аснове выдання ляжыць васьмідзённы цыкл духоўных практыкаванняў, які Айвэры правёў у ліпені 2020 года для брытанскай правінцыі езуітаў. З-за пандэміі каронавіруса рэкалекцыі прайшлі анлайн.
У прадмове да кнігі Францішак напісаў аб тым, што святы Ігнацый Лаёла з вялікай яснасцю ўсведамляў, што кожны хрысціянін уцягнуты ў барацьбу, якая вызначае яго жыццё. Гэта барацьба за тое, каб пераадолець спакусу замкнуцца ў сабе, у нашай самадастатковасці, і вызваліць месца для Пана. Толькі тады мы разумеем, што жыццё – гэта “дар Айца, які глыбока любіць нас і жадае, каб мы належалі Яму і адзін аднаму”.
Сваёй смерцю на крыжы і ўваскрасеннем Езус ужо выйграў для нас гэтую барацьбу, паказаўшы, што любоў Айца мацнейшая за ўсё ў гэтым свеце. Але мы па-ранейшаму адчуваем спакусу зачыніцца ў сабе, жыць па-свецку, у ілюзіі самадастатковасці. У гэтым непрыманні нашай прыналежнасці да Бога і адзін да аднога – карані ўсіх смяротных крызісаў у свеце, ад экалагічнага да войнаў і несправядлівасці ў адносінах да бедных і ўразлівых, лічыць Святы Айцец.
Касцёл дапамагае нам змагацца з гэтай спакусай з дапамогай традыцый і вучэння, малітвы і споведзі, а таксама Эўхарыстыі. Сярод гэтых традыцый – духоўныя рэкалекцыі і духоўныя практыкаванні святога Ігнацыя Лаёлы. Рэкалекцыі – гэта час, калі Айцец рэагуе на нашы глыбінныя патрэбы як на патрэбы сваіх умілаваных дзяцей, калі Ён запальвае нашы душы сваёй любоўю, каб мы маглі лепш служыць Яму ў будучыні. Любоў і служэнне – гэта дзве апорныя восі духоўных практыкаванняў.
У сваёй кнізе Осцін Айвэры аб'яднаў разважанні для духоўных рэкалекцый, якія Хорхэ Берголіа праводзіў шмат дзесяцігоддзяў таму назад, з яго вучэннем у якасці Пантыфіка, разглядаючы іх у святле духоўных практыкаванняў святога Ігнацыя Лаёлы. Няхай гэты васьмідзённы цыкл разважанняў дапаможа чытачам адчуць пакліканне Бога, “стаць крыніцай жыцця, надзеі і ласкі для іншых” і такім чынам “адкрыць для сябе сапраўдную радасць жыцця”, пажадаў у прадмове Святы Айцец.