Пантыфік: сведчыць пра блізкага, спагадлівага і пяшчотнага Бога
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Евангелле літургіі паказвае нам Езуса ў руху: насамрэч, толькі закончыўшы прапаведаваць, Ён выйшаў з сінагогі і накіраваўся ў дом Сымона Пятра, дзе аздаравіў яго цешчу; затым, калі настаў вечар, зноў выйшаў да брамы горада, дзе сустрэў многіх хворых і апантаных злымі духамі і аздараўляў іх; наступнай раніцай, устаў рана і адправіўся ў пустыннае месца, каб маліцца; і нарэшце вырушыў у шлях праз Галілею”, - нагадаў Святы Айцец.
Пантыфік прапанаваў задумацца над гэтым “няспынным рухам Езуса, якія кажа нам нешта важнае пра Бога, а ў той жа час, грукаецца да нас з некаторымі пытаннямі адносна нашай веры”.
“Езус, які ідзе насустрач параненаму чалавецтву, паказваючы нам аблічча Айца. Можа здавацца, што мы ўсё яшчэ захоўваем ідэю пра далёкага Бога, халоднага, абыякавага да нашага лёсу. Але Евангелле паказвае нам, што Езус, закончыўшы вучыць у сінагозе, выходзіць вонкі, каб слова, якое прапаведаваў, магло дасягнуць, дакрануцца і аздаравіць людзей. Робячы так, Ён паказвае, што Бог – не далёкі ўладар, якія прамаўляе да нас з вышыні; а наадварот – Айцец, поўны любові, які становіцца блізкім, наведвае нашы дамы, хоча збавіць і вызваліць, аздаравіць ад усякай немачы цела і душы”, - сказаў Папа.
Святы Айцец адзначыў, што гэты няспынны рух Езуса прымушае задацца пытаннямі: ці адкрылі мы аблічча Бога як міласэрнага Айца або верым і абвяшчаем Бога халоднага і далёкага? Ці абуджае вера неспакой, якія падштурхоўвае выходзіць у шлях, або з’яўляецца прыватным суцяшэннем, якое дазваляе заставацца бестурботнымі? Ці молімся мы толькі для таго, каб адчуваць сябе ў спакоі, або слова, якое слухаем і прапаведаваем, дазваляе выйсці таксама і нам, як Езусу, насустрач іншым, каб распаўсюджваць Божае суцяшэнне?
“Такім чынам, давайце паглядзім на шлях Езуса і прыгадаем сабе, што наша першае духоўнае заданне заключаецца ў наступным: пакінуць Бога, якога думаем, што ведаем, і кожны дзень навяртацца да Бога, якога Езус паказвае нам у Евангеллі, Айца любові і спачування... І калі адкрываем сапраўднае аблічча Айца, наша вера сталее: мы больш не застаёмся “закрыстыйнымі” ці “салоннымі” хрысціянамі, але адчуем сябе пакліканымі стаць носьбітамі надзеі і Божага аздараўлення”, - сказаў Папа, заклікаючы звярнуцца з малітвай да Найсвяцейшай Марыі, Жанчыны ў дарозе, каб дапамагла нам выйсці па-за саміх сябе і сведчыць пра блізкага, спагадлівага і пяшчотнага Бога.