Пантыфік і яго супрацоўнікі праводзяць велікапосныя рэкалекцыі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Пантыфік заахвоціў кардыналаў, якія пражываюць у Рыме, кіраўнікоў Дыкастэрый і структур Рымскай курыі, прыпыніць публічную дзейнасць і прысвяціць час малітве. На працягу бліжэйшых пяці дзён у Ватыкане не будуць праводзіцца мерапрыемствы з удзелам Святога Айца, у тым ліку агульная аўдыенцыя ў сераду.
Духоўныя практыкаванні праходзяць у індывідуальным парадку. Такі звычай з’явіўся падчас пандэміі. Дагэтуль Францішак і кіраўніцтва дыкастэрый Рымскай курыі на час рэкалекцый выязджалі разам у мясцовасць Арыча, недалёка ад Рыма.
Традыцыю духоўных практыкаванняў для Рымскай курыі ўвёў у 1929 годзе Пій ХІ. Гэты Папа хацеў, каб практыка рэкалекцый шырока распаўсюдзілася сярод хрысціян і прысвяціў гэтай тэме асобную энцыкліку Mens Nostra, у якой указаў на важнасць ігнацыянскага метаду духоўных практыкаванняў і назваў іх “каштоўным сродкам індывідуальнага і сацыяльнага аднаўлення”. Да Паўла VI рэкалекцыі для Рымскай курыі праводзіліся ў Адвэнт, а не ў Вялікі пост, а да пантыфікату Францішка – заўсёды ў Ватыкане.