Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік і яго супрацоўнікі праводзяць велікапосныя рэкалекцыі

Папа і яго бліжэйшыя супрацоўнікі праводзяць велікапосныя духоўныя практыкаванні. Яны распачаліся ў другой палове дня ў нядзелю 18 лютага 2024 года і завершацца ў пятніцу 23 лютага.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Пантыфік заахвоціў кардыналаў, якія пражываюць у Рыме, кіраўнікоў Дыкастэрый і структур Рымскай курыі, прыпыніць публічную дзейнасць і прысвяціць час малітве. На працягу бліжэйшых пяці дзён у Ватыкане не будуць праводзіцца мерапрыемствы з удзелам Святога Айца, у тым ліку агульная аўдыенцыя ў сераду.

Духоўныя практыкаванні праходзяць у індывідуальным парадку. Такі звычай з’явіўся падчас пандэміі. Дагэтуль Францішак і кіраўніцтва дыкастэрый Рымскай курыі на час рэкалекцый выязджалі разам у мясцовасць Арыча, недалёка ад Рыма.

Традыцыю духоўных практыкаванняў для Рымскай курыі ўвёў у 1929 годзе Пій ХІ. Гэты Папа хацеў, каб практыка рэкалекцый шырока распаўсюдзілася сярод хрысціян і прысвяціў гэтай тэме асобную энцыкліку Mens Nostra, у якой указаў на важнасць ігнацыянскага метаду духоўных практыкаванняў і назваў іх “каштоўным сродкам індывідуальнага і сацыяльнага аднаўлення”. Да Паўла VI рэкалекцыі для Рымскай курыі праводзіліся ў Адвэнт, а не ў Вялікі пост, а да пантыфікату Францішка – заўсёды ў Ватыкане.
 

19 лютага 2024, 08:56