Папа: несці радасць Евангелля нават перад абліччам варожасці

Благаслаўлёная Марыя Антонія дэ Сан-Хасэ вучыць нас не скарацца перад абліччам варожасці, не адступаць ад нашых добрых намераў несці Евангелле ўсім, нягледзячы на выклікі, якія гэта можа ўяўляць, - адзначыў Папа.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

9 лютага 2024 года Францішак прыняў на аўдыенцыі пілігрымаў з Аргенціны, якія прыбылі ў Ватыкан на кананізацыю сваёй суайчынніцы – Марыі Антоніі дэ Сан-Хасэ (свецкае імя Антонія дэ Пас і Фігероа), вядомай як Мама Антула, заснавальніцы манаскай кангрэгацыі Дачок Боскага Збаўцы і Дома духоўных практыкаванняў у Буэнас-Айрэсе. Папа ўрачыста абвесціць законніцу святой падчас цэлебрацыі, якая пройдзе 11 лютага 2024 года ў ватыканскай базіліцы.

Пантыфік адзначыў, што прыклад міласэрнай любові Мамы Антулы, асабліва яе служэння самым бедным, вельмі актуальны для сучаснага грамадства, якое рызыкуе забыць, што “радыкальны індывідуалізм – гэта вірус, які надзвычай цяжка перамагчы”, бо “ён падманвае”, прымушаючы нас “думаць, быццам галоўнае – гэта даць волю ўласным амбіцыям”.

“У гэтай благаслаўлёнай мы знаходзім прыклад і натхненне, якое ажыўляе “выбар на карысць апошніх, тых, каго адкінула грамадства”. Таму няхай яе сведчанне дапаможа вам быць такім жа знакам любові і пяшчоты сярод нашых братоў”, - пажадаў Папа.

Францішак заклікаў памятаць, што шлях святасці прадугледжвае давер і поўнае адданне сябе Богу. Ён нагадаў, што благаслаўлёная Марыя Антонія прыйшла ў Буэнас-Айрэс толькі з крыжам і басанож, “бо пакладала сваю надзею не на сябе, а на Бога”, верыла, што яе “цярністае апостальства будзе Яго справай”.

“Яна перажыла тое, што Бог хоча ад кожнага з нас: каб змаглі зразумець Яго пакліканне, кожны ва ўласным жыццёвым стане, бо, якое б яно не было, яно заўсёды будзе абагульняцца ў спаўненні “ўсяго дзеля найбольшай хвалы Бога і збаўлення душаў”, - адзначыў Святы Айцец.

Францішак згадаў, што пасля забароны дзейнасці Таварыства Езуса благаслаўлёная Марыя Антонія працягвала прасоўваць ігнацыянскія духоўныя практыкаванні, намагаючыся дапамагаць усім адкрываць прыгажосць наследавання Хрыста. Ва ўмовах варожага стаўленне да езуітаў гэта было нялёгка, таму яна арганізоўвала практыкаванні патаемна.

“У гэтым сэнсе іншае пасланне, якое благаслаўлёная дае нам у нашым сучасным свеце: не скарацца перад абліччам варожасці, не адступаць ад нашых добрых намераў несці Евангелле ўсім, нягледзячы на выклікі, якія гэта можа прадугледжваць. Часта нават “уласная сям’я ці ўласнае месца працы могуць стаць такім бясплодным асяродкам, дзе трэба захаваць веру і імкнуцца яе выпраменьваць”. Моцна ўкаранёныя ў Пану, мы павінны бачыць у гэтым нагоду, у якой можам кінуць выклік нашаму асяроддзю, каб несці радасць Евангелля”, - сказаў Святы Айцец.

Папа звярнуў увагу таксама на эўхарыстычную пабожнасць благаслаўлёнай Марыі Антоніі. Ён нагадаў, што Эўхарыстыя павінна быць у цэнтры ўсяго нашага хрысціянскага жыцця, бо яна дае сілы для рэалізацыі апостальства. У сувязі з гэтым Францішак заклікаў сваіх гасцей рупліва ўдзельнічаць у святой Імшы, падчас якой абвесціць Маму Антулу святой. “Я заклікаю вас быць сведкамі гэтага дару для аргенцінскага народа, але таксама для ўсяго Касцёла”, - сказаў Пантыфік.
 

09 лютага 2024, 09:36