Папа заклікаў да ўрэгулявання канфлікту ва Украіне шляхам перамоў
Марыя Валодзіна - Vatican News
“Учора, 24 лютага, мы з болем узгадвалі пра другую гадавіну пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Колькі ахвяр, параненых, разбурэнняў, пакут, слёз за гэты перыяд, які становіцца жудасна доўгім і якому яшчэ не бачна канца! Гэта вайна не толькі спусташае гэты рэгіён Еўропы, але і выклікае глабальную хвалю страху і нянавісці. Аднаўляючы сваю жывую прыхільнасць да пацярпелага ўкраінскага народа і молячыся за ўсіх, асабліва за шматлікіх нявінных ахвяр, я прашу знайсці трошкі чалавечнасці, якая б дазволіла стварыць умовы для дыпламатычнага ўрэгулявання ў пошуках справядлівага і трывалага міру”, - заклікаў Святы Айцец.
Папа заахвоціў не забываць маліцца аб Палесціне, Ізраілі і многіх народах, якія раздзіраюць войны, дапамагаць тым, хто пакутуе, думаць пра параненых, пра нявінных дзяцей.
“З непакоем сачу за ростам насілля ва ўсходняй частцы Дэмакратычнай Рэспублікі Конга. Далучаюся да закліку біскупаў маліцца аб міры, выказваю пажаданне аб спыненні сутыкненняў і імкненні да шчырага і канструктыўнага дыялогу”, - сказаў Пантыфік.
Францішак заўважыў, што ў Нігерыі ўчасціліся выкраданні людзей. Ён выказаў нігерыйскаму народу “сваю блізкасць у малітве і спадзяванне на тое, што будуць прыкладзеныя намаганні, каб колькасць гэтых эпізодаў была максімальна абмежаваная”.
Папа таксама выказаў сваю блізкасць насельніцтву Манголіі, пацярпеламу ад хвалі моцных халадоў. “Гэтая экстрэмальная з'ява з'яўляецца прыкметай змены клімату і яго наступстваў. Кліматычны крызіс – гэта глабальная сацыяльная праблема, якая глыбока ўплывае на жыццё многіх братоў і сясцёр, асабліва найбольш уразлівых. Мы молімся аб тым, каб рабіць мудры і смелы выбар, каб унесці свой унёсак у клопат аб стварэнні”, - сказаў Францішак.