Папа на кананізацыйнай Імшы: дазволім Езусу аздаравіць нас
Аляксандр Панчанка - Vatican News
11 лютага 2024 года Францішак узначаліў кананізацыю першай аргенцінскай святой – Марыі Антоніі дэ Сан-Хасэ (свецкае імя Марыя Антонія дэ Пас і Фігероа). Вядомая як Мама Антула, яна жыла ў XVIII стагоддзі, заснавала манаскую кангрэгацыю Дачок Боскага Збаўцы і Дом духоўных практыкаванняў у Буэнас-Айрэсе, праз які пашырала езуіцкую духоўнасць, у прыватнасці практыку Духоўных практыкаванняў, распрацаваных святым Ігнацыем Лаёлам.
У літургіі бралі ўдзел тысячы аргенцінскіх пілігрымаў, сярод якіх біскупы, святары, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі. Прысутнічаў таксама Прэзідэнт Аргенціны Хаўер Мілей. Ён прыбыў у Рым днём раней з Ізраіля. 12 лютага Святы Айцец прыме палітыка на прыватнай аўдыенцыі ў Ватыкане.
У гаміліі Пантыфік спаслаўся на евангельскае літургічнае чытанне, у якім распавядаецца пра аздараўленне Езусам хворага на праказу. Ён заўважыў, што ў евангельскія часы адносіны да пракажоных былі пазначаны “страхам, прадузятасцю і фальшывай рэлігійнасцю”, бо лічылася, што дотык да хворага рабіў чалавека нячыстым.
“Страх, прадузятасць і фальшывая рэлігійнасць – гэта тры прычыны вялікай несправядлівасці, тры “праказы душы”, якія прымушаюць пакутаваць слабога, калі адчужаем яго, як адкіды. Браты і сёстры, давайце не будзем думаць, што так было толькі ў мінулым. Колькі пакутуючых мы сустракаем на тратуарах нашых гарадоў! Колькі страху, прадузятасці і непаслядоўнасці, нават сярод тых, хто верыць і называе сябе хрысціянамі, наносяць ім чарговыя раны. Таксама ў наш час ёсць шмат адчужэння, ёсць бар’еры, якія павінны быць разбураны, “праказа”, якая павінна быць вылечана” - заўважыў Пантыфік.
Папа нагадаў, што Езус, сустрэўшы пракажонага, наблізіўся і дакрануўся да яго. Францішак заклікаў вернікаў быць пільнымі, калі ў душы ўзнікаюць “інстынкты”, адваротныя “набліжэнню” і “прынясенню сябе ў дар”, напрыклад, калі “аддаляемся ад іншых, каб дбаць толькі пра саміх сябе, калі абмяжоўваем свет мурамі нашага дабрабыту, калі лічым, што праблемай заўсёды і выключна з’яўляюцца іншыя”.
“Будзем уважлівымі ў такія моманты, бо дыягназ ясны – гэта “праказа душы”: хвароба, якая робіць нас неадчувальнымі на любоў, на спагаду; яна знішчае нас праз “гангрэны” эгаізму, прадузятага меркавання, абыякавасці і нецярпімасці. Будзем пільнымі, бо як пры ўзнікненні на скуры першых плямак праказы, у пачатковай фазе хваробы, калі не ўмяшацца адразу, інфекцыя распаўзецца і стане смяротнай”, - папярэдзіў Святы Айцец.
Пантыфік заўважыў, што дотык Езуса да пракажоных быў не толькі знакам Яго блізкасці, але таксама пачаткам аздараўлення хворага, бо “дазваляючы Хрысту дакрануцца да нас, мы аздараўляемся ўнутры, у сэрцы”.
“Калі дазволім Яму дакрануцца да нас падчас малітвы, адарацыі, калі дазволім Яму дзейнічаць у нас праз Яго слова і сакрамэнты, Яго дотык па-сапраўднаму зменіць нас, аздаровіць ад граху, вызваліць ад закрытасці, пераменіць больш, чым мы можам зрабіць самі, уласнымі намаганнямі. Нашы параненыя часткі, хваробы душы, трэба прынесці Езусу: гэта дапамагае зрабіць малітва; але не абстрактная, якая складаецца выключна з формул, што паўтараем, але шчырая і жывая малітва, у якой кладзём да ног Езуса мізэрнасць, уразлівасць, крывадушнасць, страхі. Мы можам спытацца ў сябе: ці дазваляю Езусу дакрануцца да маёй праказы, каб аздаравіў мяне?”, - прапанаваў Папа.
Францішак заўважыў, што “дотык” Езуса “адраджае найлепшае ў нас”. “Так вяртаецца прыгажосць, якую маем, прыгажосць, якой з’яўляемся; любімыя Хрыстом, мы нанава адкрываем радасць прынясення сябе ў дар іншым, без страху і прадузятасці, у свабодзе ад такіх форм рэлігійнасці, якія робяць неадчувальнымі і пазбаўляюць увагі да пакут бліжняга; у нас вяртае сілы здольнасць любіць, без усякага разліку і пошуку выгады”, - падкрэсліў Святы Айцец.
Пантыфік адзначыў, што цуд адраджэння можа адбывацца штодзённа, дзякуючы ўчынкам міласэрнасці, якія робім у сям’і, на працы, у грамадстве, у бескарыслівым і непрыкметным служэнні. “Браты і сёстры, Бог любіць нас такім чынам і калі дазволім Яму дакрануцца да нас, дзякуючы сіле Яго Духа, мы таксама можам стаць сведкамі любові, якая збаўляе”, - запэўніў Папа, дадаючы, што менавіта такі прыклад дае святая Марыя Антонія дэ Пас і Фігероа: нягледзячы на цяжкасці яна дапамагала іншым адчуць дотык Хрыста. “Няхай яе прыклад і заступніцтва дапамогуць нам узрастаць у міласэрнай любові, згодна з сэрцам Бога”, - завяршыў гамілію Святы Айцец.