Кардынал П'етра Паралін Кардынал П'етра Паралін  (AFP or licensors)

Ватыканская дыпламатыя пра ідэю ўмяшання ЕС у вайну ва Украіне

Кардынал П’етра Паралін падзяліўся з журналістамі сваёй занепакоенасцю эскалацыяй канфліктаў у Еўропе і на Блізкім Усходзе.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Дзяржсакратар Яго Святасці Папы прыняў удзел у цырымоніі ўзнагароджання ў конкурсе Эканоміка і грамадства, які праводзіцца Фондам Centesimus Annus - pro Pontifice. Яна адбылася 27 лютага 2024 года ў Istituto Maria Bambina ў Рыме.

Адказваючы на пытанне пра ідэю прамога ваеннага ўмяшання Еўрасаюза ў канфлікт ва Украіне, высунутую прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам, бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца ахарактарызаваў яе як “жудасную”, паколькі "яна прывядзе да эскалацыі, якой мы заўсёды імкнуліся пазбегнуць з самага пачатку".

На пытанне журналіста, чым можа быць апраўдана такая прапанова Францыі, кардынал Паралін адказаў, што, верагодна, гэта звязана з тым, што “вайна доўжыцца два гады без перспектывы выхаду з яе ці ваеннага рашэння, таму што на зямлі сілы застаюцца больш-менш на тых жа пазіцыях, і не існуе ніякіх перспектыў рашэння шляхам перамоў”.

На думку кіраўніка дыпламатыі Святога Пасада, “было б ідэальна, каб абодва бакі сапраўды знайшлі спосаб размаўляць, весці дыялог”. “Я лічу, што калі размаўляць, можна знайсці рашэнне. Прапаноўваліся розныя варыянты рашэнняў”, - адзначыў ён і звярнуў увагу на важнасць наяўнасці волі да іх рэалізацыі.

Пераходзячы затым да сітуацыі на Блізкім Усходзе і ізраільска-палесцінскага канфлікту, дзяржсакратар пацвердзіў адсутнасць прагрэсу ў дыпламатычных кантактах з Ізраілем. “Мы прынялі да ведама тое, што сказаў пасол”, - прызнаўся ён, падкрэсліўшы неабходнасць спакойных, рацыянальных перамоў. “Мы зацікаўленыя ў тым, каб знайсці спосаб вызваліць закладнікаў, аказваць гуманітарную дапамогу, што пакуль вельмі складана. Таму адзіным шляхам з’яўляецца спыненне агню”, - падкрэсліў кардынал П’етра Паралін.
 

28 лютага 2024, 10:10