Пошук

Анёл Панскі: сапраўдная слава складаецца з дару і прабачэння

Дар і прабачэнне – зусім іншыя крытэрыі, чым тыя, што мы бачым вакол сябе і ў нас саміх, калі думаем пра славу як пра нешта, што можна атрымаць, а не аддаць, - заўважыў Францішак 17 сакавіка 2024 года.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас свайго разважання перад малітвай Анёл Панскі ў Пятую нядзелю Вялікага посту Папа спаслаўся на ўрывак з Евангелля святога Яна (12, 20-33), дзе гаворка ідзе аб славе Езуса, якую чалавецтва ўбачыць на Крыжы.

“Але як магчыма, што слава Божая праяўляецца менавіта там, на Крыжы? Можна падумаць, што гэта адбываецца ва Уваскрасенні, а не на Крыжы, што з’яўляецца паражэннем, правалам! Замест гэтага сёння Езус, гаворачы пра сваю муку, кажа: “Настала гадзіна, каб быў услаўлены Сын Чалавечы” (12, 23). Што ён хоча нам сказаць?” - задаўся пытаннем Пантыфік.

Ён хоча сказаць нам, заўважыў Францішак, “што слава Божая не адпавядае чалавечаму поспеху, славе ці папулярнасці – у ёй няма нічога з самазадаволенасці, гэта не грандыёзная праява ўлады, якая суправаджаецца апладысментамі публікі”.

“Для Бога слава – гэта любоў да такой ступені, што можна аддаць сваё жыццё. Праславіць сябе для Яго – значыць аддаць сябе, зрабіць сябе даступным, прапанаваць сваю любоў. І кульмінацыя гэтага адбылася на Крыжы, дзе Езус у поўнай меры раскрыў Божую любоў, цалкам явіўшы аблічча міласэрнасці, дорачы жыццё і даруючы сваім распінальнікам”, - сказаў Папа.

“З Крыжа, “Божай кафедры”, Пан вучыць нас, што сапраўдная слава, якая ніколі не згасае і робіць нас шчаслівымі, складаецца з дару і прабачэння. Дар і прабачэнне – гэта сутнасць Божай славы, яны з'яўляюцца дарогай нашага жыцця. Дар і прабачэнне – зусім іншыя крытэрыі, чым тыя, што мы бачым вакол сябе, а таксама ў нас саміх, калі думаем пра славу як пра нешта, што можна атрымаць, а не аддаць; як пра нешта, чым можна валодаць, а не прапаноўваць. Але мірская слава мінае і не пакідае радасці ў сэрцы; яна вядзе не да ўсеагульнай карысці, але да падзелаў, разладу, зайздрасці”, - працягнуў сваю думку Святы Айцец.

Францішак завяршыў сваё разважанне пытаннямі, якія, на яго думку, павінен паставіць перад сабой кожны хрысціянін: “Што такое слава, якой я жадаю для сябе, для свайго жыцця, пра якую я мару для сваёй будучыні? У тым, каб зрабіць уражанне на іншых сваім майстэрствам, здольнасцямі або рэчамі, якімі валодаю? Або гэта шлях дару і прабачэння, шлях Езуса Укрыжаванага, шлях тых, хто не стамляецца любіць, упэўнены, што гэта сведчыць пра Бога ў свеце і прымушае ззяць прыгажосць жыцця?”

Папа заклікаў сабраных на плошчы святога Пятра памятаць аб тым, што “калі мы даём і прабачаем, у нас ззяе слава Божая”. Ён звярнуўся да Багародзіцы з просьбай дапамагаць хрысціянам “быць жывым адлюстраваннем любові Езуса”.
 

17 сакавіка 2024, 12:08

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >