Францішак: Бог жадае, каб мы былі мудрымі святымі

Бог жадае, каб мы былі не проста святымі, але мудрымі святымі, - адзначыў Пантыфік падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 20 сакавіка 2024 года на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак прапанаваў задумацца над важнасцю цноты разважлівасці, якая “разам са справядлівасцю, мужнасцю і ўстрыманасцю”, адносіцца да так званых “кардынальных цнот”. Яны “не з’яўляюцца выключнай прэрагатывай хрысціян, але належаць да спадчыны антычнай мудрасці, у прыватнасці грэчаскіх філосафаў”, - дадаў Папа ў катэхезе, тэкст якой зачытаў мансеньёр П’ерлуіджы Джырэлі з Дзяржаўнага сакратарыяту.

“У сярэднявечных творах прадстаўленне цнот не зводзіцца да простага пераліку станоўчых якасцей душы”, - зазначыў Пантыфік, нагадваючы, што “пераасэнсоўваючы класічных аўтараў у святле хрысціянскага адкрыцця”, тэолагі ўяўлялі сем цнот – тры тэалагальныя і чатыры кардынальныя – “як пэўнага роду жывы арганізм, дзе кожнай цноце адведзена гарманічнае месца”. “Ёсць асноўныя цноты і дадатковыя, як стаўпы, калоны і пілястры”, - дадаў Францішак, праводзячы паралель з архітэктурай сярэднявечных катэдральных касцёлаў.

Святы Айцец адзначыў, што разважлівасць, гэта не баязлівасць ці асцярожнасць чалавека, які заўсёды сумняваецца адносна таго, як паступіць. “Першынства разважлівасці азначае, што дзейнасць чалавека знаходзіцца ў руках яго розуму і свабоды. Разважлівы чалавек – творчы: ён разважае, ацэньвае, імкнецца зразумець усю складанасць рэальнасці і не дазваляе сабе паддацца эмоцыям, ляноце, ціску ілюзій”, - падкрэсліў Пантыфік, дадаючы, што ў свеце, дзе пануе “вонкавасць, павярхоўныя думкі і банальнасць дабра і зла, старажытны ўрок разважлівасці заслугоўвае таго, каб да яго вярнуцца”.

Францішак спаслаўся на святога Тамаша Аквінскага, які, наследуючы Арыстоцеля, называў разважлівасць recta ratio agibilium – здольнасцю накіроўваць учынкі да дабра.

“Разважлівы – гэта той, хто ўмее выбіраць: у кнігах жыццё здаецца простым, але пасярод вятроў і хваль штодзённага жыцця – яно зусім іншае, мы часта няўпэўненыя і не ведаем, у які бок ісці. Той, хто разважлівы, не выбірае наўгад: спачатку ён ведае, чаго хоча, затым абдумвае сітуацыю, раіцца і, валодаючы шырокім бачаннем і ўнутранай свабодай, выбірае, па якім шляху пайсці. Ніхто не кажа, што ён не памыліцца – у рэшце рэшт мы ўсе людзі, – але, па меншай меры, ён не здзейсніць вялікіх памылак. На жаль, у кожным асяроддзі ёсць тыя, хто схільны адмахвацца ад праблем павярхоўнымі жартамі і пастаянна выклікаць спрэчкі. Разважлівасць – гэта якасць тых, хто пакліканы кіраваць: яны ведаюць, што кіраваць цяжка, што ёсць шмат пунктаў гледжання і трэба спрабаваць іх гарманізаваць, што трэба рабіць дабро не для адных, а для ўсіх”, - патлумачыў Пантыфік.

Разважлівасць вучыць таксама таму, што “выдатнае – вораг добрага”. “Празмерны запал, на самай справе, у некаторых сітуацыях можа прывесці да катастрофы: можа разбурыць канструкцыю, якая павінна была ўзводзіцца паступова; можа парадзіць канфлікты; можа нават справакаваць гвалт”, - дадаў Святы Айцец.

Францішак адзначыў, што разважлівы чалавек умее захоўваць памяць пра мінулае, не таму што баіцца будучыні, а таму што ведае: традыцыя – гэта спадчына мудрасці. “Жыццё складаецца з пастаяннага накладання старога і новага, і нядобра заўсёды думаць, што свет пачынаецца з нас, што мы павінны вырашаць праблемы з нуля”, - падкрэсліў Пантыфік, дадаючы, што разважлівы чалавек таксама з’яўляецца прадбачлівым – вызначыўшыся з мэтай, да якой трэба імкнуцца, ён ведае, што неабходна забяспечыць сябе ўсімі сродкамі для яе дасягнення.

“Многія евангельскія ўрыўкі дапамагаюць нам выхоўваць разважлівасць. Напрыклад: разважлівы той, хто будуе дом свой на камені, і неразумны той, хто будуе яго на пяску (пар. Мц 7, 24-27). Мудрыя тыя панны, якія носяць алей для сваіх светачаў, і неразумныя тыя, якія не носяць (пар. Мц 25, 1-13). Хрысціянская жыццё – гэта спалучэнне прастаты і праніклівасці. Рыхтуючы сваіх вучняў да місіі, Езус раіць: “Вось Я пасылаю вас, як авечак паміж ваўкоў. Таму будзьце хітрыя, як змеі, і простыя, як галубы” (Мц 10,16). Ён быццам кажа, што Бог не толькі жадае, каб мы былі святымі, але хоча, каб былі разумнымі святымі, таму што заблукаць без разважлівасці – хвілінная справа!”, - завяршыў катэхезу Пантыфік.
 

20 сакавіка 2024, 10:07

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >