Францішак падзякаваў удзельнікам канцэрта за мір у Мадрыдзе
Марыя Валодзіна - Vatican News
“Перад абліччам столькіх смерцяў, разбурэнняў, слёз столькіх людзей, спустошаных вайной, - я думаю пра мучаніцкую Украіну, а таксама пра Палесціну і Ізраіль, - дзякую вам за ініцыятыву правядзення гэтага канцэрта за мір”, - сказаў Пантыфік.
Папа падзякаваў артыстам за тое, што шчодра падзяліліся сваімі талентамі для дапамогі нявінным ахвярам. На яго думку, яны даказалі, што мастацтва і музыка могуць стаць інструментамі міру і будаўніцтва мастоў.
“Дзякуй за тое, што не адвярнуліся ў іншы бок, дзякуй, што ўзялі на сябе абавязацельства перад тымі, хто пакутуе ад наступстваў войнаў”, - сказаў Святы Айцец.
Канцэрт Cadena 100 пройдзе ў сталіцы Іспаніі 9 сакавіка 2024 года. Квіткі на яго былі распрададзеныя ў рэкордна кароткія тэрміны. Атрыманыя сродкі будуць накіраваны на гуманітарную дапамогу сем'ям, якія пацярпелі ад вайны на Блізкім Усходзе: на Заходнім беразе ракі Ярдан і ў Іерусаліме. Плануецца набыць для іх прадметы першай неабходнасці: коўдры, адзенне і абутак, абагравальнікі, падгузнікі і іншыя сродкі гігіены, дзіцячыя бутэлечкі і малако, а таксама школьныя прыналежнасці.