Францішак: выкарыстаць Вялікі пост для барацьбы з пыхай

Пыха нішчыць адносіны і атручвае братэрства, падкрэсліў Пантыфік падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 6 сакавіка 2024 года на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Катэхеза Папы, тэкст якой зачытаў айцец П’ерлуіджы Джырэлі з Дзяржсакратарыяту, была прысвечана загане пыхі. У ёй Пантыфік заўважыў, што старажытныя грэкі называлі пыху словам, якое можна перакласці як “празмернае ззянне”. “Пыха – гэта самаўзвышэнне, саманадзейнасць, фанабэрыя”, а “пыхлівы, гэта той, хто лічыць сябе большым, чым ёсць на самой справе”, гэта “чалавек, які калоціцца на тым, каб яго прызнавалі больш вялікім за іншых, які заўсёды хоча, каб прызнаваліся яго заслугі і пагарджае іншымі, лічыць іх ніжэйшымі”, - патлумачыў Святы Айцец.

На думку Францішка, пыха “вельмі блізкая да славалюбства”, аднак апошняя – усяго толькі “дзіцячая хвароба” ў параўнанні “са спусташэннем, на якое здольная пыха”. “Пыха – каралева ўсіх заган”, а той, хто паддаўся ёй – далёкі ад Бога. “Барацьба з гэтым злом патрабуе больш часу і сіл, чым усякая іншая барацьба, да якой пакліканы хрысціянін”, - падкрэсліў ён.

“У рэчаіснасці ўсярэдзіне гэтага зла схаваны радыкальны грэх, абсурдная прэтэнзія быць як Бог. Грэх нашых прабацькоў, пра які распавядаецца ў кнізе Быцця, ва ўсіх адносінах з’яўляецца грахом пыхі. Спакуснік сказаў ім: “Калі вы пакаштуеце з яго, адкрыюцца вочы вашыя, і будзеце, як Бог” (Быц 3,5)”, - нагадаў Пантыфік словы змея з біблійнай гісторыі, заўважаючы, што аўтары тэкстаў аб духоўнасці вельмі падрабязна апісваюць наступствы пыхі ў штодзённым жыцці, паказваюць як яна “нішчыць адносіны, атручвае пачуццё братэрства, якое павінна аб’ядноўваць людзей”.

Пералічваючы “сімптомы”, якія сведчаць пра тое, што чалавек паддаўся загане пыхі, Святы Айцец заўважыў, што гэты грэх мае выразны фізічны аспект: “пыхлівы чалавек напышлівы, ён мае “цвёрды карк”, гэта значыць нягнуткую шыю, якая не схіляецца. Гэта чалавек, схільны да пагардлівага суджэння: з лёгкасцю выносіць зняважлівыя прысуды іншым, якія здаюцца яму безнадзейна бяздарнымі і няздольнымі”.

“Вы разумееце, што маеце справу з пыхлівым чалавекам, калі, робячы яму невялікую канструктыўную заўвагу або зусім бяскрыўднае назіранне, ён рэагуе празмерна, як быццам хтосьці замахнуўся на яго вялікасць: ён упадае ў лютасць, крычыць, з крыўдай разрывае адносіны з іншымі”, - нагадаў Святы Айцец.

На думку Францішка, “мала што можна зрабіць з чалавекам, хворым на пыху”, з ім “трэба толькі набрацца цярпення, бо аднойчы яго будынак разбурыцца”. “У “Евангеллі Езусу даводзіцца мець справу з многімі пыхлівымі людзьмі, і часта Ён выкрываў гэтую загану нават у тых, хто яе вельмі добра хаваў”, - адзначыў Папа, нагадваючы гісторыю святога Пятра, які спачатку выстаўляў напаказ сваю вернасць: “Калі нават усе пакінуць Табе, я ніколі не пакіну”, але неўзабаве пераканаўся, што з’яўляецца такім жа баязлівым, як іншыя. І толькі пасля гэтага досведу, ужо “іншы” Пётр, “які больш не ўздымаў падбародку, але плакаў горкімі слязамі, быў аздароўлены Езусам і, нарэшце, стаў здольным вытрымаць цяжар Касцёла”.

“Збаўленне прыходзіць праз пакору, сапраўдны сродак ад усякай праявы пыхі. У Magnificat Марыя апявае Бога, які сваёй моцай рассейвае пыхлівых у хворых думках іх сэрцаў. Бессэнсоўна нешта красці ў Бога, на што спадзяюцца пыхлівыя, бо ў канчатковым выніку Ён хоча даць нам усё. Таму апостал Якуб, звяртаючыся да сваёй супольнасці, параненай унутранымі звадамі, што паходзілі з пыхі, пісаў: “Бог супраціўляецца ганарыстым, а пакорным дае ласку” (Як 4, 6)”, - адзначыў Папа, заклікаючы выкарыстаць Вялікі пост для барацьбы з нашай пыхай.
 

06 сакавіка 2024, 10:41

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >