Папа Францішак Папа Францішак  (Vatican Media)

Францішак напісаў да лацінаамерыканскіх католікаў

Глядзець на праблему злоўжыванняў у Касцёле вачыма Бога, бо гэта можа дапамагчы нашаму разуменню ўразлівасці, - звярнуўся Папа да ўдзельнікаў Лацінаамерыканскага кангрэса па ўразлівасці і злоўжываннях, які праходзіць у Панаме з 12 па 14 сакавіка 2024 года.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

„Бог заклікае нас да абсалютнай змены нашых уяўленняў аб адносінах, аддаючы перавагу меншым, бедным, слугам, неадукаваным перад вялікімі, багатымі, гаспадарамі, адукаванымі, у залежнасці ад нашай здольнасці прыняць ласку, дадзеную нам Богам, і зрабіць сябе дарам для іншых”, - заўважыў Францішак.

Ён перасцярог хрысціян Лацінскай Амерыкі ад няздольнасці адказваць за ўласны лёс, інфантыльнасці і крыўдлівасці, і заклікаў не баяцца той мізэрнасці, да якой запрашае нас Езус. Хваліцца сваімі слабасцямі і спадзяецца на ласку Пана, аб чым кажа святы Павел (2 Кар 12, 8-10), з’яўляецца дарам, які мы павінны прасіць на каленях для сябе і для іншых.

Што тычыцца прафілактыкі злоўжыванняў, Пантыфік лічыць, што праца “павінна быць накіравана на выкараненне сітуацый, якія абараняюць тых, хто прыкрываецца сваім становішчам, каб навязваць сябе іншым у перакручанай манеры, але таксама і на разуменне таго, чаму яны не здольныя ставіцца да іншых здаровым чынам”; “гэтак жа нельга заставацца абыякавымі да стаўлення некаторых людзей, якія з прычыны страху ідуць супраць свайго сумлення або дазваляюць сабе падманлівыя абяцанні, ведаючы ў глыбіні душы, што яны на ілжывым шляху”.

“Гуманізацыя адносін у кожным грамадстве, у тым ліку і ў Касцёле, азначае адважную працу над фарміраваннем сталых, згуртаваных людзей, якія, будучы цвёрдымі ў сваёй веры і этычных прынцыпах, здольныя супрацьстаяць злу, даючы сведчанне Праўдзе з вялікай літары”, - падкрэсліў Папа.

Францішак перакананы ў тым, што “грамадства, якое не заснавана на гэтых перадумовах маральнай цэласнасці, будзе грамадствам хворым, з чалавечымі і інстытуцыйнымі адносінамі, дэфармаванымі эгаізмам, недаверам, страхам і падманам”. Ён заклікаў лацінаамерыканскіх католікаў "давяраць сваю слабасць сіле, якую дае нам Пан”.
 

12 сакавіка 2024, 15:41