Пошук

Крыжовы шлях у Калізеі: з Богам пакуты не маюць апошняга слова

Каля 25 тысяч чалавек прынялі ўдзел у традыцыйным набажэнстве Крыжовага шляху, якое прайшло ўвечары ў Вялікую пятніцу 29 сакавіка 2024 года ў рымскім Калізеі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Каб пазбегнуць магчымых праблем са здароўем перад галоўнымі велікоднымі цэлебрацыямі Францішак прыняў удзел у малітве дыстанцыйна – з ватыканскага Дома святой Марты. Узначаліў набажэнства Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі, кардынал Анджэла дэ Данаціс. Разам з ім крыж неслі сем’і, мігранты, няпоўнаспраўныя, моладзь, святары, манахіні, медыцынскія работнікі, супрацоўнікі рымскага Caritas.

Францішак духоўна прысутнічаў разам з вернікамі праз разважанні да чатырнаццаці стацый набажэнства, якія сёлета падрыхтаваў асабіста, прысвяціўшы іх тэме: “У малітве з Езусам на Крыжовым шляху”.

Тэкст Папа напісаў у форме дыялогу з Хрыстом, якому даверыў раны чалавецтва. Ён згадаў пра ненароджаных і пакінутых дзяцей, вязняў, эксплуатаваныя і забытыя народы, самотных пажылых людзей, хворых, ахвяр хатняга гвалту, цкавання ў інтэрнэце, войнаў і рэлігійнага пераследу. Ён горача запэўніў вернікаў, што “пакуты, перажытыя разам з Богам, не маюць апошняга слова”.

“Усё, што мне патрэбна ў жыцці, гэта здольнасць любіць. Я ўпаду, але дзякуючы любові змагу падняцца і ісці далей”, - напісаў Францішак, патлумачыўшы, што падзенні могуць стаць ключавым момантам на нашым жыццёвым шляху, бо вядуць да разумення адзінага важнага – што нам патрэбны Езус. “Езу, умацуй у маім сэрцы найважнейшую ўпэўненасць: што я па-сапраўднаму ўваскрэсну толькі тады, калі Ты ўздымеш мяне, калі вызваліш мяне ад грахоў, бо жыццё не пачынаецца зноў з маіх слоў, але з Твайго прабачэння”, - напісаў у тэксце разважанняў Пантыфік.
 

30 сакавіка 2024, 09:27