Пантыфік: ахвяры злоўжыванняў заўсёды павінны быць выслуханы
Аляксандр Панчанка - Vatican News
7 сакавіка 2024 года Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў пленарнай асамблеі Папскай камісіі па абароне непаўналетніх, якая праходзіць у Ватыкане. Ён падкрэсліў, што клопат пра ахвяр злоўжыванняў – гэта “пакліканне, якое патрабуе мужнасці”; якое “нараджаецца ў сэрцы Касцёла і дапамагае яму ачысціцца і развіваецца”. Папа выказаў падзяку сваім гасцям за працу, дзякуючы якой Касцёл становіцца больш бяспечным месцам для дзяцей і ўразлівых дарослых асоб.
“Перад абліччам скандалу злоўжыванняў і пакут ахвяр, мы можам упасці духам, бо праблема аднаўлення тканкі паламаных жыццяў і суцяшэння болю вялікая і складаная. Але нашы намаганні не павінны слабець; больш за тое, я заахвочваю вас ісці наперад, каб Касцёл заўсёды і ўсюды быў месцам, дзе кожны можа адчуваць сябе як дома і кожны чалавек лічыцца святым”, - сказаў ён.
Пантыфік падкрэсліў, што немагчыма “дапамагаць іншым несці свой цяжар, не беручы яго на сябе, не практыкуючы блізкасць і спагаду”. Ён заўважыў, што блізкасць да ахвяр злоўжыванняў не павінна быць “абстрактным паняццем”, але “вельмі канкрэтнай рэальнасцю”, якая складаецца з “слухання, умяшання, прафілактыкі, дапамогі”.
“Не павінна здарацца так, што гэтых нашых братоў і сясцёр не прымаюць і не слухаюць, бо гэта можа зрабіць яшчэ цяжэйшымі іх пакуты. Ёсць патрэба ў тым, каб клапаціцца пра іх, прыкладаючы асабістыя высілкі, а таксама неабходна, каб гэта рабілася з дапамогай кампетэнтных супрацоўнікаў”, - дадаў Папа.
Францішак заўважыў, што з павагі да ахвяр цалкам слушна, што большая часта працы Папскай камісіі па абароне непаўналетніх застаецца непрыкметнай. “Але, у той жа час, яе плёны павінны стаць бачнымі: павінна стаць вядомай і бачнай праца, якую вы здзяйсняеце, суправаджаючы служэнне на карысць абароны непаўналетніх у мясцовых Касцёлах. Ваша блізкасць да ўладаў мясцовых Касцёлаў умацуе іх у дзяленні добрымі практыкамі і ў праверцы адпаведнасці мер, які вы ўводзіце”, - запэўніў Папа.
“Дарагія браты і сёстры, дзякуй вам за ваша далікатнае і важнае служэнне. Няхай вашы назіранні дапамогуць нам рухацца ў правільным кірунку, каб Касцёл працягваў з усёй сваёй сілай прадухіляць злоўжыванні, цвёрда асуджаць іх, праяўляць спачувальную ўвагу да ахвяр і пастаянна імкнуцца быць гасцінным і бяспечным месцам”, - пажадаў Святы Айцец.