Пантыфік даслаў відэазварот да брацтваў Мерыды
Марыя Валодзіна - Vatican News
“Вельмі мала гарадоў могуць адзначыць дні, якія змянілі гісторыю чалавецтва, у старажытным сцэнары, якому больш за 2000 гадоў і які быў сучаснікам мукі Пана”, - сказаў Папа, маючы на ўвазе амфітэатр у Мерыдзе, дзе пройдуць велікодныя ўрачыстасці.
“Сёлета, калі я буду ўдзельнічаць у Крыжовым шляху ў рымскім Калізеі, я буду памятаць, што вы таксама праводзіце яго ў рымскім амфітэатры ў Мерыдзе, які ўражвае і збірае шмат вернікаў з усяго свету”, - заўважыў Пантыфік.
Папа ўзгадаў юбілейны год святой Еўлаліі – пакутніцы, чый культ зрабіў Мерыду калыскай іспанскага хрысціянства і мэтай пілігрымак на працягу стагоддзяў.
“Зараз я звяртаюся да ўсіх братоў і сясцёр Мерыды, да ўсіх, хто на працягу года працуе над тым, каб Вялікі тыдзень пакінуў глыбокі і сталы след у жыцці ўсіх, хто прыме ўдзел у пакаянных станцыях Крыжовага шляху. Гэта не відовішча, а абвяшчэнне нашага Збаўлення, таму яно павінна пакінуць свой след”, - адзначыў Францішак.
“У сёлетнім велікодным пасланні я нагадаў, што ў Вялікі тыдзень неабходна прысвяціць час малітве, вітаць Слова Божае, спыняцца, як Самаранін перад параненым братам. Любоў да Бога і блізкага – гэта адзіная любоў [...] У прысутнасці Бога мы становімся сёстрамі і братамі, мы адчуваем іншых з новай інтэнсіўнасцю, замест таго, каб лічыць сябе ворагамі і ўсё больш і больш аддаляцца адзін ад аднаго”, - сказаў Святы Айцец.
“Вялікі тыдзень – гэта час ласкі, якую Пан дае нам, каб мы адчынілі дзверы нашых сэрцаў, нашых парафій, нашых супольнасцей. Адчыніць і выйсці – вось да чаго мы закліканыя ў Вялікі тыдзень: адкрыць свае сэрцы і выйсці насустрач Езусу і іншым, несучы святло і радасць нашай веры. Зрабіць гэта з Божай ласкай і пяшчотай, з павагай і цярпеннем, ведаючы, што мы ўдзельнічаем сваімі рукамі, нагамі і сэрцам, але менавіта Бог вядзе нас і паказвае шлях”, - зазначыў Святы Айцец.
Папа запэўніў брацтвы Мерыды ў сваіх малітвах, асабліва за сем'і хворых, за тых, хто самотны, за тых, хто ў патрэбе, за тых, хто перажывае эканамічныя цяжкасці, а таксама за моладзь, якая з'яўляецца сучаснасцю і будучыняй Мерыды.
“Жадаю вам плённага Вялікага тыдня пад абаронай святой Еўлаліі, дасылаю вам сваё благаслаўленне і прашу вас, калі ласка, не забудзьцеся памаліцца за мяне. Шчыра дзякую!” - завяршыў свой відэазварот Святы Айцец.