Пантыфік спачувае пасля смерці праваслаўнага Патрыярха
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Святы Айцец адзначыў, што памерлы 13 сакавіка 2024 года іерарх быў вялікім сведкам веры Балгарскай Царквы. “Неафіт сведчыў каштоўнае служэнне Евангеллю і дыялогу і, нягледзячы на шматлікія пакуты, заставаўся чалавекам пакоры і радасці, прыкладам жыцця, прысвечанага Пану і Яго Царкве”, - напісаў Францішак.
“Запэўніваю Ваша Высокапраасвяшчэнства, Святы Сінод і ўсіх вернікаў Балгарскай Праваслаўнай Царквы ў асаблівай памяці ў маіх малітвах, каб Езус Хрыстус, Які “ўваскрос з мёртвых, смерцю смерць зваяваў і тым, што ў магілах, жыццё дараваў” (Велікодны трапар), напоўніў вашы сэрцы суцяшэннем і супакоем”, - гаворыцца ў папскай тэлеграме.
Неафіт, які памёр ва ўзросце 78 гадоў, быў трэцім у гісторыі Патрыярхам Сафіі і ўсяе Балгарыі. Ён займаў пасаду апошнія 11 гадоў.
62,7 працэнта з 6,5 мільёнаў жыхароў Балгарыі дэкларуюць прыналежнасць да Праваслаўнай Царквы, амаль 10 працэнтаў з'яўляюцца паслядоўнікамі ісламу, 0,6 – католікі. Амаль 16 працэнтаў – гэта людзі нерэлігійныя, а 9,5 працэнта падчас перапісу 2021 года не адказалі на пытанне пра веру.