Архімандрыт Сяргей Гаек уручае Папу копію абраза Маці Божай Жыровіцкай Архімандрыт Сяргей Гаек уручае Папу копію абраза Маці Божай Жыровіцкай  (Vatican Media)

Папа атрымаў у дар копію абраза Маці Божай Жыровіцкай

Архімандрыт Сяргей Гаек, Апостальскі адміністратар для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі, уручыў у дар Святому Айцу копію абраза Маці Божай Жыровіцкай.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 6 сакавіка 2024 года на плошчы святога Пятра ў Ватыкане, архімандрыт Сяргей выказаў Папу падзяку ад беларускіх грэка-католікаў за стварэнне Апостальскай адміністратуры, а таксама павіншаваў яго з адзінаццатай гадавінай абрання на Пасад святога Пятра, якая будзе адзначацца 13 сакавіка. У якасці дару ён уручыў Францішку паменшаную копію абраза Маці Божай Жыровіцкай, выкананую на мармуры ў мінскай майстэрні GLIVI.

Апостальская адміністратура для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі была створана па рашэнні Францішка 30 сакавіка 2023 года. Апостальскім адміністратарам гэтай касцёльнай структуры быў прызначаны архімандрыт Сяргей Гаек, дагэтуль Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў.

У студзені 2023 года Святы Айцец маліўся перад копіяй абраза Маці Божай Жыровіцкай, якая была выстаўлена падчас агульнай аўдыенцыі ў ватыканскай Зале Паўла VI. Пантыфік прасіў Багародзіцу аб дары міру ва Украіне, дзе таксама шырока ўшаноўваецца гэта ікона.
 

07 сакавіка 2024, 09:46