Мітрапаліт Пергамскb Іаан (Зізіулас) Мітрапаліт Пергамскb Іаан (Зізіулас)  (Υπουργείο Εξωτερικών)

Святы Айцец напісаў прадмову да кнігі праваслаўнага багаслова

Папа напісаў прадмову да апошняй, пасмяротна выдадзенай кнігі праваслаўнага багаслова, Мітрапаліта Пергамскага Іаана (Зізіуласа), які памёр летась. На просьбу Францішка ён быў кансультантам энцыклікі Laudato si’.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У выдадзенай на англійскай мове кнізе Remembering the Future. Toward an Eschatological Ontology (Памятаючы пра будучыню. Да эсхаталагічнай анталогіі) гэты выбітны праваслаўны багаслоў прадстаўляе свой тэалагічны сінтэз адносна эсхаталогіі.

Мітрапаліт Іаан (1931-2023) быў вучнем вядомага праваслаўнага багаслова Георгія Флароўскага (1893-1979), чытаў лекцыі ва ўніверсітэтах Грэцыі і Вялікабрытаніі. У шэрагі духавенства ён уступіў толькі ў 55 гадоў, усяго за некалькі месяцаў атрымаўшы дыяканскае, святарскае і епіскапскае пасвячэнне. Быў актыўным удзельнікам экуменічнага дыялогу, у тым ліку сустаршынстваваў у Міжнароднай сумеснай камісіі па дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой.

336-старонкавая кніга, выдадзеная St. Sebastian Orthodox Press у ЗША, датычыцца эсхаталогіі (навукі пра апошнія рэчы), якую Зізіулас лічыў асновай хрысціянскага жыцця. У яго бачанні толькі канчатковы лёс, пазначаны ўваскрасеннем Хрыста і ўваскрасеннем усіх людзей, дазваляе нам з верай жыць у сучаснасці. Кіруючыся строгімі філасофскімі і тэалагічнымі развагамі, ён паказвае, як будучыня вызначае сучаснасць. Кніга заклікае чытачоў верыць ва ўваскрасенне, якое разумеецца як эсхаталагічная падзея, каб рэлігійна прачытаць сучаснасць. Паводле Зізіуласа, само хрысціянскае багаслоўе мае толькі адну крыніцу – уваскрасенне, якое паўстае перад намі ў будучыні як другое і канчатковае прышэсце Хрыста.

На гэта ў сваёй прадмове спасылаецца Папа Францішак, указваючы, што Мітрапаліт Пергамскі бачыць вызваленне ад мінулага ў будучыні, у якой “Бог будзе ўсё ва ўсім” (1 Кар 15, 28). Таму мы павінны “верыць, што гэта будучыня ўжо дзейнічае, з'яўляючыся прычынай усяго існавання”, што гэта тая “будучыня, якая прыходзіць у гісторыю, а не з гісторыі”, афарбоўваючы яе ў “колеры ўваскрасення”, папярэджваючы аб “небяспецы таго, што погляд у мінулае можа зрабіць нас вязнямі зробленых памылак, няўдалых спроб і ўсё большага цяжару песімізму”. Перакананне ў тым, што хрысціяне не павінны заставацца вязнямі мінулага, Зізіулас падзяляў са сваімі сябрамі.
 

06 сакавіка 2024, 09:59