Папа ў Пасхальную вігілію: уздымем вочы да Уваскрослага

З Езусам, Богам жыцця, ніякія няўдачы не зрынуць нас у адчай, - запэўніў Папа падчас святой Пасхальнай вігіліі, якую ўзначаліў увечары 30 сакавіка 2024 года ў базіліцы святога Пятра ў Ватыкане

Аляксандр Панчанка - Vatican News

У гаміліі Пантыфік пракаментаваў евангельскі ўрывак пра жанчын, якія з першымі промнямі світанку прыйшлі да магілы Езуса . Ён звярнуў увагу на два ключавыя моманты гэтай падзеі: у першую чаргу на пытанне, якое хвалявала жанчын: “Хто адсуне нам камень ад уваходу ў магілу?”.

“Гэты камень, непераадольная перашкода”, сімвалізаваў заканчэнне гісторыі Езуса, пахаванай у ночы смерці; быў адлюстраваннем таго, што жанчыны неслі ў сэрцы; быў канчатковым прыстанкам іх надзеі.

“Браты і сёстры, гэта можа здарыцца і з намі. Часам нам здаецца, што ля ўваходу ў наша сэрца паставілі цяжкі надмагільны камень, які душыць жыццё, гасіць упэўненасць, заключае нас у грабніцу страхаў і горычы, перагароджваючы шлях да радасці і надзеі. Такія “валуны смерці” і мы сустракаем на сваім шляху, ва ўсіх перажываннях і сітуацыях, якія пазбаўляюць нас энтузіязму і сілы, каб ісці далей”, - сказаў Папа, заўважаючы, што ў цяжкіх сітуацыях страху, горычы, пакут з-за страты блізкіх, няўдач, наступстваў нашага эгаізму і раўнадушша, таксама і мы з трывогай пытаемся ў сябе: “Хто адсуне камень ад уваходу ў магілу?”.

Пантыфік нагадаў, што, узняўшы вочы, жанчыны ўбачылі камень адсунутым. “Вось Хрыстова Пасха, вось Божая сіла: перамога жыцця над смерцю, трыумф святла над цемрай, адраджэнне надзеі сярод руін няўдачы”, - сказаў ён, заклікаючы вернікаў таксама ўзняць вочы да Езуса. “Калі мы дазволім Езусу ўзяць нас за руку, ніякая параза, ніякія пакуты, ніякая смерць не змогуць спыніць наш шлях да паўнаты жыцця”, - сцвердзіў Святы Айцец.

“Давайце ўздымем нашы вочы да Яго, давайце прымем Езуса, Бога жыцця, у наша жыццё, зноў скажам Яму “так” і тады ніякі камень не зможа падавіць нашы сэрцы, ніякая магіла не зможа пазбавіць радасці жыцця, ніякая няўдача не зможа зрынуць нас у адчай. Давайце ўздымем вочы да Яго і папросім Яго, каб моц Яго ўваскрасення адсунула камяні, якія прыгнятаюць нашы душы. Давайце ўздымем вочы да Яго, Уваскрослага, і будзем ісці наперад з упэўненасцю ў тым, што на цёмным фоне нашых няспоўненых чаканняў і нашых смерцяў ужо прысутнічае вечнае жыццё, якое Ён прыйшоў прынесці”, - сказаў Папа, запэўніваючы, што Хрыстус ужо разбурыў перашкоды і спяшаецца прыйсці да нас. “Няхай у цемры ўздымецца нечаканы вокліч: Ён жывы, Ён уваскрос!”, - пажадаў Святы Айцец.

 

30 сакавіка 2024, 23:44