Папа: перадаваць інфармацыю з павагай да годнасці людзей
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Папа спаслаўся на 70-годдзе італьянскага тэлебачання і 100-годдзе радыё, заўважаючы, што медыя не толькі спадарожнічаюць жыццю грамадства, але таксама аказваюць значны ўплыў на яго і на тоеснасць людзей, і менавіта ў гэтым заключаецца іх “грамадскае служэнне”.
Пошук і распаўсюджванне праўды
“Служэнне ў сферы інфармацыі значыць галоўным чынам пошук і прасоўванне праўды, усёй праўды, напрыклад, шляхам супрацьдзеяння распаўсюджванню фэйкавых навін і каварным задумам тых, хто імкнецца ўплываць на грамадскую думку, падманваючы і парушаючы сацыяльную структуру”, - падкрэсліў Святы Айцец.
Служыць у сферы распаўсюджвання інфармацыі, на яго думку, значыць “пазбягаць усякай рэдукцыі, якая ўводзіць у зман, памятаючы, што праўда “сімфанічная” і лепш за ўсё пазнаецца, калі слухаем разнастайнасць галасоў – як у хоры – а не выкрыкваем заўсёды і выключна ўласную ідэю”. “Гэта значыць служыць праву грамадзян на карэктную інфармацыю, якая перадаецца без прадузятасці, не робячы паспешлівых высноў, а беручы неабходны час для разумення і асэнсавання, і змагаючыся з кагнітыўным забруджваннем, бо таксама і інфармацыя павінна быць “экалагічнай”, - дадаў Папа.
Бараніць плюралізм і служыць адзінству
Францішак падкрэсліў, што служэнне СМІ заключаецца ў “гарантаванні плюралізму, які паважае розныя меркаванні і крыніцы”. Ён нагадаў словы святога Яна Паўла II: “Праўда [...] нават калі яна дасягнута – а гэта заўсёды адбываецца ў абмежаваным і недасканалым выглядзе – ніколі не можа быць навязана. Праўда прапануецца, але ніколі не навязваецца. Павага да сумлення іншых людзей, у якіх адлюстроўваецца сам вобраз Божы, дазваляе толькі прапаноўваць праўду іншым, якім належыць затым яе адказна прымаць”. “Вось чаму я заклікаю вас развіваць дыялог, сплятаючы ніткі адзінства. А каб развіваць дыялог, трэба слухаць”, - дадаў Святы Айцец.
Спрыяць пошуку прыгажосці праз розныя мовы камунікацыі
Папа заўважыў, што тэлерадыёкампанія RAI не толькі распаўсюджвае інфармацыю, але таксама займаецца стварэннем фільмаў, серыялаў, культурных, забаўляльных, спартыўным і дзіцячых праграм.
“У наш час, багаты тэхналогіямі, але часам бедны чалавечнасцю, важна спрыяць пошуку прыгажосці, запускаць дынаміку салідарнасці, захоўваць свабоду, працаваць над тым, каб усякі мастацкі выраз дапамагаў усім узняцца, задумацца, расчуліцца, усміхнуцца і нават заплакаць ад замілавання, знайсці сэнс жыцця, перспектыву дабра, сэнс, які не заключаецца ў тым, каб скарыцца перад найгоршым”, - сказаў Пантыфік, заклікаючы таксама змагацца з выкарыстаннем штучнага інтэлекту для абмежавання плюралізму, палярызацыі грамадскай думкі ці будавання аднолькавага мыслення.
Служэнне агульнаму дабру
Францішак нагадаў, што служэнне работнікаў грамадскага тэлебачання і радыё звязана з агульным дабром усіх. “Гэта прадугледжвае, перш за ўсё, абавязацельства асаблівым чынам улічваць і даваць голас апошнім, самым бедным, пазбаўленым голасу і адрынутым”, а таксама “адкрываць новы позірк на рэальнасць і не павялічваць бурбалкі самадастатковай абыякавасці, вучыць маладых людзей марыць аб вялікім, з адкрытымі розумам і вачыма”, - сцвердзіў ён.
Высокі ўзровень камунікацыі і блізкасць да людзей
Святы Айцец лічыць важным, каб СМІ захоўвалі высокі ўзровень камунікацыі і не гналіся за рэйтынгам на шкоду зместу, а замест гэта фармавалі масавы попыт на якасць. “У рэшце рэшт, камунікацыя, менавіта таму што з’яўляецца дыялогам на карысць усім, можа таксама граць фундаментальную ролю ў наш час, аднаўляючы жыццёва важныя каштоўнасці, такія як грамадзянская адказнасць і удзел у жыцці грамадства”, - сказаў ён.
Францішак пажадаў работнікам тэлебачання і радыё не быць для сваёй аўдыторыі “усёзнайкамі”, але “сябрамі, якія грукаюць у дзверы, каб зрабіць сюрпрыз”. “Грукаць у дзверы, каб прапанаваць кампанію, каб раздзяліць радасці і смуткі, спрыяць адзінству і прымірэнню ў сям’і і грамадстве, слухаць і весці дыялог, інфармаваць і слухаць, з павагай і пакорай. Заахвочваю вас ісці па гэтым цудоўным шляху”, - сказаў на завяршэнне прамовы Пантыфік.