Папа правядзе Імшу Вячэры Пана ў жаночай турме
Марыя Валодзіна – Vatican News
Як паведаміла Зала Друку Апостальскай Сталіцы, у Вялікі чацвер, 28 сакавіка 2024 года у 16:00 Францішак здзейсніць прыватны візіт ў рымскую жаночую турму Rebibbia, дзе ўзначаліць цэлебрацыю святой Імшы Вячэры Пана і сустрэнецца са зняволенымі і супрацоўнікамі гэтай пенітэнцыярнай установы.
Яшчэ ў Буэнас-Айрэсе Хорхэ Марыа Бэрголіа адпраўляўся да людзей, якія апынуліся на ўзбочыне жыцця, у бальніцы, дамы для састарэлых, прытулкі для бяздомных і турмы, дзе цэлебраваў Імшу Вячэры Пана з традыцыйным абмыццём ног.
Пасля абрання на Пасад святога Пятра ён прадоўжыў традыцыю, перапыніўшы яе толькі ў сувязі з пандэміяй каронавіруса. У 2023 годзе ён наведваў рымскую калонію для непаўналетніх Casal del Marmo, у 2022 годзе ездзіў у турму італьянскага горада Чывітавек’я.