Папа прыняў удзел у біскупскай сакры новага нунцыя ў Парагваі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
45-гадовы арцыбіскуп Туртура знаходзіцца на дыпламатычнай службе Апостальскай Сталіцы з 2009 года. Ён працаваў у ватыканскіх прадстаўніцтвах у Зімбабвэ, Нікарагуа, Аргенціне, а таксама ў Секцыі па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі Дзяржаўнага сакратарыяту. З 2019 года быў асабістым сакратаром кардынала Параліна. У снежні 2023 года Папа прызначыў італьянскага святара Апостальскім нунцыем у Парагваі і надаў яму тытул арцыбіскупа.
“Нунцый – значыць пасланнік”, а кожнае пасланне, якое ён нясе, “характарызуецца прыметнікам апостальскі”, - нагадаў Дзяржсакратар у гаміліі, прамоўленай падчас святой Імшы, якая прайшла ў ватыканскай базіліцы святога Пятра. Бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца адзначыў, што папскі прадстаўнік павінен жыць апостальствам і цалкам прысвяціць сваё жыццё Касцёлу і краіне, у якой знаходзіцца.
Пасля абраду пасвячэння і ўручэння атрыбутаў біскупскай годнасці, арцыбіскуп Туртура скіраваўся да Папы, які, як і іншыя біскупы, што ўдзельнічалі ў цырымоніі, здзейсніў абрад ускладання рук на галаву новага біскупа і павіншаваў яго.