Папа запэўніў у духоўнай блізкасці бацькоў, якія страцілі дзіця

У сітуацыі нязноснага і невытлумачальнага болю, трэба “трымацца за нітку малітвы”, якая можа адкрыць пробліскі святла і даць сілы, каб працягваць шлях, - нагадаў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

2 сакавіка 2024 года Папа сустрэўся з членамі асацыяцыі Talità kum, якая аб’ядноўвае бацькоў, што перажылі страту дзіця. “Першае, што я хачу зрабіць – гэта паглядзець вам у вочы, прыняць з раскрытымі абдымкамі вашы гісторыі, пазначаныя болем, і прыласкаць вашы сэрцы, разбітыя і прабітыя, як сэрца Езуса на крыжы: сэрцы, якія краваточаць, сэрцы, абмытыя слязамі і змучаныя цяжкім пачуццем пустаты”, - сказаў ён.

Францішак падкрэсліў, што адказам на досвед страты дзіця не павінны быць тэарэтычныя разважанні, банальныя рэлігійныя або сентыментальнымі словы, бясплённыя падбадзёрванні або акалічнасныя выразы, якія, хоць і прызначаны для суцяшэння, наносяць яшчэ большы боль тым, хто кожны дзень вядзе жорсткую ўнутраную барацьбу. Ён таксама звярнуў увагу на недарэчнасць паводзін тых, хто спрабуе апраўдаць пакуты рэлігійнымі тэорыямі. “Мы пакліканы наследаваць літасць і спагаду Езуса перад абліччам болю”, - дадаў Святы Айцец.

Пантыфік заўважыў, што ў сітуацыі нязносных і невытлумачальных пакут, чалавеку трэба “трымацца за нітку малітвы”, якая можа быць нават бясслоўнай, але адкрывае пробліскі святла і дае сілы, каб працягваць шлях. Ён падкрэсліў, што пытанні аб сэнсе перажытага трагічнага досведу, якія чалавек скіроўвае да Бога, з’яўляюцца здаровымі – гэта малітва, падобная на малітву бацькі з Евангелля, які прасіў Езуса аздаравіць яго цяжка хворую дачку. Пантыфік нагадаў, што Езус не пакінуў гэтага чалавека ў адзіноце, а пайшоў да яго дамоў і вярнуў дзяўчынку да жыцця.

“Гэта кажа нам важную рэч: перад абліччам пакут першы адказ Бога не з’яўляецца прамовай ці тэорыяй, але заключаецца ў тым, каб ісці разам з намі, быць разам з намі. Езус дазволіў нашаму болю, дакрануцца да Яго, Ён прайшоў той жа самы шлях і не пакідае нас саміх, але вызваляе ад цяжару, што прыгнятае нас, несучы яго дзеля нас і разам з намі”, - запэўніў Пантыфік, дадаючы, што таксама і сёння Езус хоча прыйсці ў “дамы нашых сэрцаў і нашых сем’яў, скаланутых смерцю” і “хоча быць разам з намі”, каб ацерці слёзы, супакоіць і запэўніць у тым, што смерць не мае апошняга слова.

Святы Айцец нагадаў, што “Пан не пакідае без суцяшэння”. Калі працягваць узносіць да яго слёзы і пытанні, Ён адорыць унутранай упэўненасцю, якая з’яўляецца крыніцай супакою. “Надзея на ўваскрасенне, якая расквітнела ў пасхальную раніцу, гэта тое, што Пан хоча пасеяць зараз у вашых сэрцах. Я жадаю вам прыняць яе, даць ёй магчымасць расці, захоўваць яе пасярод слёз. І я хацеў бы, каб вы адчулі не толькі абдымкі Бога, але таксама маю любоў і духоўную блізкасць Касцёла, які любіць вас і жадае вас суправаджаць”, - запэўніў сваіх гасцей Папа.
 

02 сакавіка 2024, 11:42