Францішак: цнота мужнасці дапамагае прыносіць плён у жыцці

Адкрыць для сябе мужнасць Езуса і навучыцца ёй, дзякуючы сведчанням святых, - заклікаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 10 красавіка 2024 года на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак прысвяціў катэхезу мужнасці – трэцяй і “найбольш баявітай” кардынальнай цноце, якая “дапамагае нам прыносіць плён у жыцці”. Гаворка ідзе пра маральную цноту, што дае вытрымку ў цяжкасцях і пастаянства ў пошуках дабра, робіць здольным да ахвяры з уласнага жыцця дзеля справядлівай справы, - нагадаў ён.

Папа адзначыў, што старажытныя мысліцелі звязвалі цноту мужнасці з “несуцішным апетытам” і адносілі яе да сферы жарсцяў, якія прысутнічаюць у кожным чалавеку. Яны не абавязкова з’яўляюцца “наступствам граху”: жарсці можна “выхоўваць, накіроўваць, ачышчаць вадой хросту, а дакладней, агнём Духа Святога”, - дадаў Пантыфік.

“Хрысціянін без мужнасці, які не скіроўвае свае сілы на дабро, які нікому не перашкаджае – бескарысны хрысціянін”, - сказаў Святы Айцец, нагадваючы таксама, што Езусу Хрысту былі знаёмыя чалавечыя эмоцыі: Ён плакаў, даведаўшыся пра смерць свайго сябра Лазара, абураўся, сустракаючы гандляроў у святыні.

Францішак заўважыў, што старажытныя грэчаскія філосафы і хрысціянскія тэолагі прызнавалі ў цноце мужнасці “падвоены рух” – пасіўны і актыўны. Першы скіраваны “ўсярэдзіну нас саміх” – на барацьбу з “унутранымі ворагамі”, такімі як страх, пачуццё віны і трывогі, якія могуць паралізаваць нас. Такая мужнасць дапамагае перамагчы сябе, не паддавацца страхам, якія ў большасць выпадкаў не маюць пад сабой ніякай асновы.

“Лепш заклікаць Святога Духа і адказаць на ўсё з цярплівай мужнасцю” і з надзеяй на Пана, які заўсёды “разам з намі, калі давяраем Яму і шчыра імкнёмся да дабра”, - запэўніў Пантыфік, падкрэсліваючы, што “ў кожнай сітуацыі мы можам разлічваць на Божы Провід, які служыць нам шчытом і даспехамі”.

У сваю чаргу, мужнасць, як актыўная цнота, дапамагае нам у барацьбе са “знешнімі ворагамі, якімі з’яўляюцца жыццёвыя выпрабаванні”, - патлумачыў Святы Айцец. Перад абліччам непрадбачаных падзей жыцця яна “дазваляе нам быць загартаванымі маракамі, якія не палохаюцца і не трапляюць у адчай”, - дадаў Папа, заклікаючы “сур’ёзна адносіцца да выкліку зла ў свеце” і не рабіць выгляду, што яго не існуе.

“Дастаткова пагартаць падручнік гісторыі ці, на жаль, таксама газеты, каб убачыць ліхадзействы, якіх мы самі з’яўляемся крыху ахвярамі і крыху галоўнымі героямі: войны, гвалт, рабства, прыгнёт бедных, незалечаныя раны, якія працягваюць краваточыць. Цнота мужнасць дазваляе нам рэагаваць і гучна казаць цвёрдае “не” ўсяму гэтаму”, - падкрэсліў Францішак.

“На нашым камфортным Захадзе, які ўсё крыху аблягчыў, які ператварыў шлях удасканалення ў простае арганічнае развіццё, якому не патрэбна барацьба, бо ўсё яму здаецца аднолькавым, мы часам заўважаем здаровую тугу па прароках. Але нязручныя і празорлівыя людзі сустракаюцца вельмі рэдка. Патрэбны нехта, хто выпхне нас з мяккага месца, у якім мы прымасціліся, і дапаможа рашуча казаць “не” злу і ўсяму, што вядзе да абыякавасці”, - адзначыў Папа, заклікаючы вернікаў нанава адкрыць для сябе мужнасць Езуса ў Евангеллі і навучыцца ёй, дзякуючы сведчанням святых.
 

10 красавіка 2024, 10:04

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >