Францішак: злоўжыванне новымі СМІ ўсыпляе розум

Гульня ў шашкі спрыяе сустрэчы паміж людзьмі і развівае лагічныя здольнасці, вельмі патрэбныя, бо злоўжыванні новымі медыя ўсыпляюць іх, - нагадаў Папа падчас сустрэчы з членамі Італьянскай федэрацыі шашак.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак адзначыў, што гульня ў шашкі “мае дзве цудоўныя асаблівасці: яна стымулюе розум і даступная кожнаму”. “Яна патрабуе інтэлекту, кемлівасці і ўвагі, але не вялікіх сродкаў і магчымасцяў. Гэта адна з тых гульняў, з дапамогай якой, дзе б вы ні знаходзіліся, можна стварыць момант сустрэчы і забавы: дастаткова шахматнай дошкі, шашак, двух гульцоў – і вось цудоўны спосаб пабыць разам”, - сказаў Папа падчас аўдыенцыі, якая прайшла 26 красавіка 2024 года ў Ватыкане.

Пантыфік нагадаў, што шашкі – гэта “гульня для ўсіх, у якую гуляюць ў самых розных частках свету”. “Напрыклад, аказваецца, што гэта адна з самых распаўсюджаных забаў сярод мігрантаў, якія высаджваюцца на нашых берагах: многія з гэтых братоў і сясцёр у сітуацыі вялікай няўпэўненасці і небяспекі знаходзяць палёгку, граючы ў шашкі, часам нават з людзьмі, якія іх прымаюць, у прастаце і дзяленні”, - заўважыў ён.

“Акрамя таго, гэта гульня развівае лагічныя здольнасці, у якіх ёсць вялікая патрэба, бо злоўжыванні новымі медыя ўсыпляюць іх”, - дадаў Святы Айцец.

“Дарагія сябры, гэта цудоўна, што вы з радасцю збіраецеся разам, каб пазнаваць адзін аднаго і кідаць спартыўны выклік адзін аднаму: у свеце, пазначаным індывідуалізмам, які часам рызыкуе ператварыцца ў ізаляцыю, гэта садзейнічае цыркуляцыі чыстага і свежага паветра. Таму я жадаю вам усяго найлепшага ў вашай дзейнасці, а таксама заклікаю захоўваць моманты духоўнасці, якія звычайна спадарожнічаюць самым важным падзеям, якія арганізуе Федэрацыя”, - завяршыў прамову Папа.
 

26 красавіка 2024, 11:02