Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Францішак: шмат людзей гіне ў вар’яцтве вайны

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 3 красавіка 2024 года, Папа згадаў пра ахвяр вайны ў Святой Зямлі, а заклікаў ушанаваць хвілінай маўчання загінулых ва Украіне.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Я паўтараю свой рашучы заклік да неадкладнага спынення агню ў сектары Газа. Выказваю свой глыбокі смутак з прычыны гібелі валанцёраў, якія займаліся раздачай гуманітарнай дапамогі ў Газе. Малюся за іх і іх сем’і. Я зноў заклікаю, каб знясіленаму і змучанаму грамадзянскаму насельніцтву быў створаны доступ да гуманітарнай дапамогі, а заложнікі былі неадкладна вызвалены. Давайце прадухіляць усякія безадказныя спробы пашырэння канфлікту ў рэгіёне і прыкладаць намаганні, каб гэта і іншыя войны, якія працягваюць несці смерць і пакуты ў розных частках свету, завяршыліся як мага хутчэй. Давайце маліцца і нястомна працаваць над тым, каб зброя змоўкла і зноў запанаваў мір”, - сказаў Папа.

Святы Айцец заклікаў таксама не забываць пра змучаную Украіну, дзе гіне вельмі шмат людзей. Ён паказаў вернікам кішэннае выданне Новага Запавету і Псальмаў, а таксама ружанец, якія прыналежалі 23-гадоваму ўкраінскаму салдату, загінуламу ў баях пад Аўдзееўкай. Папа заўважыў, што ў гэтым Святым Пісанні быў падкрэслены радок з 129 псальма: “З глыбіні я клічу Цябе, Пане. Пане, пачуй мой голас”.

“Вось яго ружанец і Новы Запавет, які ён чытаў і маліўся. Я хацеў бы, каб мы ўсе памаўчалі ў гэту хвіліну, думаючы пра гэтага юнака і пра многіх іншых, такіх як ён, паўшых у гэтым вар’яцтве вайны. Вайна заўсёды разбурае. Давайце згадаем пра іх і памолімся”, - сказаў Францішак, пасля чаго плошча святога Пятра пагрузілася ў малітоўную цішыню.
 

03 красавіка 2024, 11:04