Папа: салідарнасць – адказ на індывідуалізм і раўнадушша

Служэнне Papal Foundation як ніколі неабходнае ў наш час, пазначаны індывідуалізмам і раўнадушшам, - падкрэсліў Папа падчас сустрэчы з дэлегацыяй гэтага амерыканскага каталіцкага дабрачыннага фонда.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак прыняў прадстаўнікоў Papal Foundation раніцай 12 красавіка 2024 года ў Апостальскім палацы Ватыкана. Аўдыенцыя адбылася ў рамках штогадовай пілігрымкі ў Рым членаў гэтага аб’яднання, заснаванага ў 1988 годзе ў ЗША.

Ад самага свайго ўзнікнення Papal Foundation з’яўляецца “носьбітам велікоднай радасці, нясучы блізкасць, спачуванне і пяшчоту любові Езуса многім братам і сёстрам па ўсім свеце”, - падкрэсліў у прамове Святы Айцец.

“Ваша падтрымка розных адукацыйных, дабрачынных і апостальскіх праектаў спрыяе цэласнаму развіццю многіх, у тым ліку бедных, бежанцаў, мігрантаў і, у цяперашні час, усё большай колькасці людзей, якія пацярпелі ад вайны і насілля. У той жа час стыпендыі, прызначаныя для свецкіх вернікаў, кансэкраваных асоб, семінарыстаў і святароў з краін, якія развіваюцца, дазваляюць ім працягваць навучанне ў Папскіх універсітэтах Рыма і даюць тым, хто іх атрымлівае, прылады для больш эфектыўнага сведчання Евангелля, як у краінах іх паходжання, так і ў іншых месцах”, - сказаў Папа, выказваючы сваім гасцям падзяку за аказанне дапамогі шматлікім мясцовым Касцёлам і людзям у нястачы.

“Як вы добра ведаеце, крыніца і натхненне вашай дзейнасці знаходзіцца ў нашай каталіцкай веры, якая патрабуе пастаяннага падсілкоўвання праз удзел у жыцці Касцёла, сакрамэнты і час, праведзены ў цішыні ў прысутнасці Пана на малітве і адарацыі”, - дадаў Пантыфік, нагадваючы, што, “дзякуючы вытрываласці ў малітве мы паступова становімся “адным сэрцам і адной душой” з Езусам і іншымі людзьмі, а гэта выліваецца ў салідарнасць і дзяленне штодзённым хлебам”. “Гэты плён духоўнага жыцця важны для вашай высакароднай дзейнасці, таму што праграмы Папскага фонду спрыяюць духоўнай і братэрскай сувязі з людзьмі розных культур, моў і рэгіёнаў, якія атрымліваюць дапамогу, нават калі вы ніколі не сустрэнецеся з імі непасрэдна. Ваша служэнне асабліва патрэбнае ў наш час, пазначаны індывідуалізмам і абыякавасцю”, - сказаў на завяршэнне прамовы Папа.
 

12 красавіка 2024, 09:59