Пошук

Вернікі падчас малітвы Regina Caeli на плошчы святога Пятра ў Ватыкане Вернікі падчас малітвы Regina Caeli на плошчы святога Пятра ў Ватыкане  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Святы Айцец: не спыняць малітву за справядлівы і трывалы мір

Францішак заклікаў працягваць маліцца за мір, пажадаў, каб спорт спрыяў сацыяльнаму сяброўству і братэрству, а таксама выказаў спачуванні ў сувязі з аўтакатастрофай у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

На заканчэнне сустрэчы з вернікамі на малітве Regina Caeli, якая прайшла 7 красавіка 2024 года ў Ватыкане, Францішак заахвоціў не спыняць малітву “за справядлівы і трывалы мір”, асабліва для змучанай Украіны, для Палесціны і Ізраіля.

“Няхай Дух уваскрослага Пана асвеціць і падтрымае тых, хто працуе дзеля зніжэння напружанасці і спрыяння жэстам, якія зробяць магчымымі перамовы. Няхай Пан дасць лідарам здольнасць крыху спыніцца, каб размаўляць, каб весці перамовы”, - пажадаў ён.

Святы Айцец нагадаў, што 6 красавіка адзначаўся Міжнародны дзень спорту на карысць развіцця і міру. “Усе мы ведаем, як шмат можа даць спорт для фармавання адкрытага, салідарнага і непрадузятага грамадства. Але для гэтага нам патрэбны кіраўнікі і трэнеры, нацэленыя не толькі на перамогу і зараблянне грошай. Давайце прасоўваць спорт, які спрыяе сацыяльнаму сяброўству і братэрству!”, - заахвоціў Пантыфік.

Папа згадаў таксама пра аўтакастрофу ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, дзе 29 сакавіка з 50-мятровага абрыву ўпаў аўтобус з пілігрымамі, якія накіроўваліся на велікодныя цэлебрацыі. У выніку трагедыі загінулі 45 чалавек. Францішак заклікаў вернікаў маліцца за іх і іх блізкіх.
 

07 красавіка 2024, 12:36