Пошук

Regina Caeli: паўната жыцця спаўняецца ў Езусе Хрысце

Кожная сапраўдная сустрэча з Езусам дазваляе нам мець больш жыцця, - падкрэсліў Францішак падчас сустрэчы з вернікамі на малітве Regina Caeli, якую правёў 7 красавіка 2024 года на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Сёння, у другую Велікодную нядзелю, якую святы Ян Павел ІІ прысвяціў Божай міласэрнасці, Евангелле кажа нам, што верачы ў Езуса, Сына Божага, мы можам мець жыццё ў імя Ягонае. Што значыць гэта?”, - прапанаваў паразважаць Святы Айцец.

Пантыфік заўважыў, што ўсе людзі жадаюць мець жыццё, але разумеюць гэта па-рознаму. “Ёсць тыя, хто зводзіць існаванне да шалёнай пагоні за задавальненнямі і валоданнем многімі рэчамі: есці і піць, забаўляцца, назапашваць грошы і рэчы, перажываць новыя і моцныя эмоцыі і гэтак далей. Гэта шлях, які на першы погляд здаецца прыемным, але ён не насычае сэрца. Так мы не маем жыцця, бо, ідучы шляхам задавальненняў і ўлады не прыходзім да шчасця: вельмі шмат аспектаў існавання застаюцца без адказу, такія як любоў, непазбежны досвед болю, абмежаванняў і смерці. Такім чынам застаецца няспоўненай мара, якая аб’ядноўвае ўсіх нас: надзея на тое, што будзем жыць вечна, што будзем любімыя бясконца. Сёння Евангелле кажа нам, што паўната жыцця, да якой пакліканы кожны з нас, спаўняецца ў Езусе. Але як атрымаць доступ да яе, як спазнаць яе?”, - заклікаў задумацца Папа.

Францішак прапанаваў згадаць пра тое, што здарылася з вучнямі Езуса ў літургічным евангельскім урыўку, які Касцёл прызначыў на нядзелю Божай міласэрнасці (Ян 20, 19-31). “Яны перажывалі самы трагічны час у сваім жыцці: пасля дзён пакут закрыліся ў Вячэрніку, напалоханыя і збянтэжаныя. Уваскрослы прыйшоў да іх і спачатку паказаў ім Свае раны: яны былі знакамі пакут і болю, маглі выклікаць пачуццё віны, але разам з Езусам сталі каналамі міласэрнасці і прабачэння. Такім чынам, вучні ўбачылі і адчулі, што разам з Езусам жыццё перамагае, што смерць і грэх пераможаны. І яны атрымалі дар Яго Духа, які даў ім новае жыццё ўмілаваных дзяцей, прасякнутае радасцю, любоўю і надзеяй”, - дадаў Пантыфік.

“Вось як “мець жыццё” кожны дзень: дастаткова засяродзіць позірк на ўкрыжаваным і ўваскрослым Езусе, сустракаць Яго ў сакрамэнтах і малітве, распазнаваць Яго прысутнасць, верыць у Яго, дазволіць Яго ласцы дакрануцца да нас, кіравацца Яго прыкладам, адчуваць радасць ад таго, што любім як Ён. Кожная сапраўдная сустрэча з Езусам дазваляе нам мець больш жыцця”, - запэўніў Святы Айцец.

“Давайце спытаемся ў сябе: ці веру я ў сілу ўваскрасення Езуса, у Яго перамогу над грахом, страхам і смерцю? Ці ўваходжу ў адносіны з Ім? Ці дазваляю Яму падштурхнуць мяне любіць братоў і сясцёр і мець надзею кожны дзець. Няхай Марыя дапаможа нам яшчэ больш верыць ва ўваскрослага Езуса, каб “мець жыццё” і распаўсюджваць велікодную радасць”, - заклікаў памаліцца Францішак.
 

07 красавіка 2024, 12:10

“Уладарка неба” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць у Велікодны перыяд Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >