Пантыфік творцам у Венецыі: трэба адрозніваць мастацтва ад рынку

“Свету патрэбны творцы”, - сказаў Папа 28 красавіка 2024 года, звяртаючыся да прадстаўнікоў свету мастацтва, сабраных у касцёле святой Магдалены ў жаночай турме Венецыя-Джудэка. Тут знаходзіцца павільён Святога Пасада на 60-й Венецыянскай біенале.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак прызнаўся, што сярод мастакоў адчувае сябе не чужым. “Я думаю, што гэта тычыцца кожнага чалавека, таму што мастацтва мае статус горада-прытулку, горада, які супрацьстаіць рэжыму насілля і дыскрымінацыі, дзе ствараюцца формы гуманізму, здольныя прызнаць, уключыць, абараніць, прыняць кожнага. Усіх, пачынаючы з апошняга”, - сказаў Пантыфік.

Францішак спаслаўся на тэму ватыканскага павільёна – Маімі вачыма. “Нам усіх патрэбна, каб на нас глядзелі, і каб мы самі адважваліся глядзець на сябе. У гэтай сферы вечны настаўнік – Езус”, - сказаў ён, указваючы на тое, што мастацтва выхоўвае да такога менавіта погляду, не пасіянарнага, не аб’ектывізуючага, але і не абыякавага, не павярхоўнага – яно выхоўвае да погляду сузіральнага.

Папа падкрэсліў, што творцы існуюць у свеце, але пакліканы выходзіць за яго межы. Ён указаў на вострую неабходнасць выразна адрозніваць мастацтва ад рынку. “Вядома, рынак прасоўвае і кананізуе, але заўсёды ёсць рызыка, што ён будзе паляваць на крэатыў, скрадзе нявіннасць і ўрэшце холадна навучыць нас, што рабіць”, - адзначыў Святы Айцец.

Спасылаючыся на месца сустрэчы – жаночую турму Джудэка – Францішак падкрэсліў, што ніхто не мае манаполіі на чалавечыя пакуты. “Аднак ёсць радасць і пакута, якія ў жанчыне яднаюцца ў непаўторнай форме і да якіх мы павінны прыслухоўвацца, бо яны маюць нешта важнае сказаць нам”, - звярнуў увагу Папа і згадаў мастачак Фрыду Кало, Карыту Кент і Луізу Буржуа.

Ён ад усяго сэрца пажадаў, каб сучаснае мастацтва дапамагло належным чынам ацаніць уклад жанчын як сутворцаў падзей чалавецтва.
 

28 красавіка 2024, 10:12