Пантыфік ухваліў дэкрэты Дыкастэрыі па справах кананізацыі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Першы дакумент тычыцца прызнання цуду, які адбыўся праз заступніцтва італьянскай манахіні, благаслаўлёнай Элены Гуэры (1835-1914), заснавальніцы Кангрэгацыі Аблатак Святога Духа, называных таксама Сёстрамі Святой Дзіты.
Другі дэкрэт тычыцца прызнання мучаніцтва двух іспанцаў: дыяцэзіяльнага святара, ксяндза Гаэтана Клаўселаса Бальвэ (1863-1936), і свецкага верніка і главы сям’і Антоніа Торта Рэйшакса (1895-1936). Яны былі забіты з нянавісці да веры падчас Грамадзянскай вайны ў сябе на радзіме.
Францішак ухваліў таксама публікацыю дэкрэта аб прызнанні гераічнасці цнот Тэрэзы Ланфранкі (1920-1989, свецкае імя Аннунцыята Адаларата) – італьянскай манахіні з кангрэгацыі Дачок Найсвяцейшай Марыі з Леўкі.