Плошча святога Пятра. Ілюстрацыйнае фота Плошча святога Пятра. Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Пантыфік ухваліў дэкрэты Дыкастэрыі па справах кананізацыі

13 красавіка 2024 года Францішак прыняў на аўдыенцыі кардынала Марчэла Сэмерара, прэфекта Дыкастэрыі па справах кананізацыі, і ўпаўнаважыў гэта ведамства абнародаваць тры дэкрэты.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Першы дакумент тычыцца прызнання цуду, які адбыўся праз заступніцтва італьянскай манахіні, благаслаўлёнай Элены Гуэры (1835-1914), заснавальніцы Кангрэгацыі Аблатак Святога Духа, называных таксама Сёстрамі Святой Дзіты.

Другі дэкрэт тычыцца прызнання мучаніцтва двух іспанцаў: дыяцэзіяльнага святара, ксяндза Гаэтана Клаўселаса Бальвэ (1863-1936), і свецкага верніка і главы сям’і Антоніа Торта Рэйшакса (1895-1936). Яны былі забіты з нянавісці да веры падчас Грамадзянскай вайны ў сябе на радзіме.

Францішак ухваліў таксама публікацыю дэкрэта аб прызнанні гераічнасці цнот Тэрэзы Ланфранкі (1920-1989, свецкае імя Аннунцыята Адаларата) – італьянскай манахіні з кангрэгацыі Дачок Найсвяцейшай Марыі з Леўкі.
 

13 красавіка 2024, 11:59