Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа: мільёны дзяцей жывуць ва ўмовах, падобных да рабства

Францішак нагадаў пра лёс дзяцей, якія падвяргаюцца працоўнай эксплуатацыі. 16 красавіка 2024 года ён скіраваў кароткае паведамленне, прымеркаванае да Міжнароднага дня барацьбы супраць дзіцячага рабства.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Будзем маліцца разам за мільёны дзяцей, якія жывуць ва ўмовах, падобных да рабства. Кожнае пакінутае, маргіналізаванае, пазбаўленае медыцынскай дапамогі і адукацыі дзіця – гэта вокліч, які ўзносіцца да Бога!”, - напісаў Папа ў сацыяльнай сетцы X.

Міжнародны дзень барацьбы супраць дзіцячага рабства адзначаецца 16 красавіка ў памяць пра Ікбаля Масіха – 12-гадовага пакістанскага хлопчыка, застрэленага ў 1995 годзе невядомымі людзьмі. Па некаторых версіях, гэта былі бандыты, якія зараблялі на незаконнай дзіцячай працы.

За два гады да забойства Ікбаль Масіх здолеў уцячы з фабрыкі па вытворчасці дываноў, на якой быў прымушаны працаваць з чатырохгадовага ўзросту, у рабскіх умовах і падвяргаючыся фізічнаму насіллю. Хлопчык далучыўся да пакістанскага руху за адмену дзіцячай працы, стаўшы яго актывістам. Лічыцца, што дзякуючы яго дзейнасці з няволі былі вызвалены тысячы дзяцей. Ікбаль Масіх атрымліваў шмат пагроз, а пасля гібелі стаў сусветным сімвалам барацьбы супраць дзіцячага рабства.
 

16 красавіка 2024, 13:30