Папа: мільёны дзяцей жывуць ва ўмовах, падобных да рабства
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Будзем маліцца разам за мільёны дзяцей, якія жывуць ва ўмовах, падобных да рабства. Кожнае пакінутае, маргіналізаванае, пазбаўленае медыцынскай дапамогі і адукацыі дзіця – гэта вокліч, які ўзносіцца да Бога!”, - напісаў Папа ў сацыяльнай сетцы X.
Міжнародны дзень барацьбы супраць дзіцячага рабства адзначаецца 16 красавіка ў памяць пра Ікбаля Масіха – 12-гадовага пакістанскага хлопчыка, застрэленага ў 1995 годзе невядомымі людзьмі. Па некаторых версіях, гэта былі бандыты, якія зараблялі на незаконнай дзіцячай працы.
За два гады да забойства Ікбаль Масіх здолеў уцячы з фабрыкі па вытворчасці дываноў, на якой быў прымушаны працаваць з чатырохгадовага ўзросту, у рабскіх умовах і падвяргаючыся фізічнаму насіллю. Хлопчык далучыўся да пакістанскага руху за адмену дзіцячай працы, стаўшы яго актывістам. Лічыцца, што дзякуючы яго дзейнасці з няволі былі вызвалены тысячы дзяцей. Ікбаль Масіх атрымліваў шмат пагроз, а пасля гібелі стаў сусветным сімвалам барацьбы супраць дзіцячага рабства.