Папа моліцца за народы Украіны, Святой Зямлі і Казахстана
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Вітаючы групы пілігрымаў, прысутныя на плошчы святога Пятра, Францішак па традыцыі звярнуўся да моладзі, хворых, пажылых і маладажонаў. Ён пажадаў, каб у іх сэрцах “узрастала суцяшальнае велікоднае святло, якое запрашае ўмацаваць веру і надзею на Езуса, урыжаванага і ўваскрослага”.
“Мае думкі таксама скіроўваюцца да змучанай Украіны, да Палесціны і Ізраіля. Няхай Пан адорыць нас мірам. Паўсюль ідзе вайна! Давайце не будзем забываць пра М’янму. Папросім Пана аб міры і не будзем забываць пра братоў і сясцёр, якія пакутуюць у тых месцах, дзе ідзе вайна. Будзем маліцца за мір разам і заўсёды”, - заахвоціў Папа.
Пантыфік таксама выказаў духоўную блізкасць насельніцтву Казахстана, дзе вялікая паводка абрынулася на многія рэгіёны краіны і прывяла да эвакуацыі тысяч людзей. “Заклікаю да малітвы за ўсіх, хто пакутуе ад наступстваў гэтага стыхійнага бедства. Таксама ў цяжкія часы давайце будзем памятаць пра радасць Уваскрослага Хрыста, таму прашу аб міласэрнай любові Бога, нашага Айца, для вас і вашых сем’яў”, - дадаў Святы Айцец.