Біскуп Даніэле Лібаноры Біскуп Даніэле Лібаноры 

Папа прызначыў асэсара па справах кансэкраванага жыцця

Святы Айцец прызначыў біскупа Даніэле Лібаноры, да гэтага часу дапаможнага біскупа Рымскай дыяцэзіі, сваім асэсарам (памочнікам) па справах кансэкраванага жыцця, - паведаміла Зала Друку Святога Пасада.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Даніэле Лібаноры нарадзіўся 27 мая 1953 года ў Астэлата ў італьянскай правінцыі Ферара. Атрымаў ліцэнцыят па тэалогіі евангелізацыі і доктарскую ступень па тэалогіі хрысціянскага жыцця. 11 чэрвеня 1977 года стаў святаром у архідыяцэзіі Ферара. Працаваў у парафіяльным душпастырстве, а ў 1982-1991 гадах быў рэктарам архідыяцэзіяльнай семінарыі Ферара-Камачыа.

26 снежня 1991 года ксёндз Лібаноры ўступіў у Таварыства Езуса, дзе 18 кастрычніка 2002 года склаў вечныя абяцанні езуіта. Ён служыў універсітэцкім капеланам у Аквіле ў 1993-1997 гадах, а затым правёў год у езуіцкай супольнасці ў Неапалі. Служыў акадэмічным капеланам у рымскім універсітэце Сапіенца з 1998 па 2003 год. Затым да 2016 года быў рэктарам рымскага касцёла Іль Джэзу, а з 2017 года рэктарам касцёла Сан-Джузэпэ-Фаленьямэ.

23 лістапада 2017 года Францішак прызначыў Лібаноры дапаможным біскупам Рымскай дыяцэзіі. З мая 2019 года ён быў дыяцэзіяльным дэлегатам па справах духавенства і семінарый. У красавіку 2018 года стаў чальцом Кангрэгацыі па справах кананізацыі. Біскуп Лібаноры быў вядомым у Рыме экзарцыстам.
Падчас пандэміі COVID-19 у 2020 годзе ён актыўна выказваўся супраць закрыцця ўсіх касцёлаў Рыма.

Трэба заўважыць, што згодна з Апостальскай канстытуцыяй Praedicate Evangelium, жыццём і дзейнасцю манаскіх структур ва ўсім Лацінскім Касцёле кіруе Дыкастэрыя па справах інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця, якую ўзначальвае з 2011 года 76-гадовы бразільскі кардынал Жаао Браз дэ Авіз.
 

08 красавіка 2024, 10:37