Папа семінарыстам: спалучаць малітву з вучобай, братэрствам і місіяй
Марыя Валодзіна - Vatican News
Сустрэча іспанскіх семінарыстаў з Францішкам прайшла ў рамках пілігрымкі ў Рым да магілы святога Пятра. Пантыфік заклікаў гасцей “пражыць гэтыя дні са здзіўленнем і падзякай за дар веры, перададзены нам апосталамі”.
Нагадаўшы пра тое, што сустрэча адбываецца напярэдадні Нядзелі Добрага Пастыра, Папа адзначыў, што семінарысты атрымалі пакліканне Пана і рыхтуюцца стаць пастырамі згодна з жаданнем Хрыста. На гэтым шляху ім неабходна развіваць чатыры аспекты: духоўнае жыццё, вучобу, супольнае жыццё і апостальскую дзейнасць.
Гэта, на думку Францішка, дазволіць будучым святарамі “адказаць на атрыманае пакліканне ў поўнай самааддачы Богу і братам, асабліва тым, хто пакутуе”. Святы Айцец працытаваў кардынала Марсела Спінола-і-Маэстра – благаслаўлёнага, які быў родам з андалузскай зямлі. Ён казаў, што чалавек, які імкнецца да святарства, павінен аддаваць перавагу дзвюм рэчам – цноце і навуцы.
“Карыстайцеся гэтым напружаным часам навучання, з сэрцам, звернутым да Бога, з адкрытымі рукамі і шырокай усмешкай, каб несці радасць Евангелля ўсім, каго вы сустракаеце на сваім шляху”, - пажадаў Святы Айцец іспанскім семінарыстам.