Пошук

Рымскі вікарыят Рымскі вікарыят  (Dnalor 01)

Папа: спатрэбіцца час, каб вызначыць новага вікарыя Рымскай дыяцэзіі

8 красавіка 2024 года Францішак прыняў на аўдыенцыі Біскупскую раду Рымскай дыяцэзіі. Гэта адбылося праз некалькі дзён пасля прызначэння кардынала Анджэла Дэ Данаціса Вярхоўным пенітэнцыярыем.

Марыя Валодзіна – Vatican News

У суботу, 6 красавіка 2024 года, новым кіраўніком Апостальскай пенітэнцыярыі быў прызначаны кардынал Дэ Данаціс, які з 2017 года быў Генеральным вікарыем для Рымскай дыяцэзіі і архіпрэзбітэрам папскай базілікі Святога Яна на Латэране.

Як гаворыцца ў паведамленні вікарыята на сайце Рымскай дыяцэзіі, “з прычыны далікатнасці пасады кардынала-вікарыя” Францішак папярэдзіў біскупаў аб тым, што яму спатрэбіцца час, каб вызначыць, хто будзе выконваць гэтую ролю. Святы Айцец заклікаў біскупаў “працягваць пастырскае служэнне і распачатую раней адміністрацыйную дзейнасць”.

У адпаведнасці з артыкулам 14 § 3 апостальскай канстытуцыі In Ecclesiarum Communione аб арганізацыі Рымскага вікарыяту, на пераходным этапе, да таго часу пакуль пасада вікарыя застаецца вакантнай, усе яго функцыі і паўнамоцтвы, у тым ліку і юрыдычнае прадстаўніцтва, будуць ажыццяўляцца яго намеснікам, біскупам Бальдасарэ Рэйнай.

09 красавіка 2024, 10:14