Папа заклікаў не губляць здольнасць да неабыякавасці

Асушваць слёзы тых, хто пакутуе, суправаджаць тых, хто адчувае боль, ісці побач са слабымі, клапаціцца аб самых уразлівых, - заклікаў Папа прадстаўнікоў Фонду імя святой Анжэлы Мерычы з Сіракуз.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Езус просіць нас ніколі не аддзяляць любоў да Бога ад любові да іншых, асабліва да самых бедных. Ён нагадвае нам, што ў рэшце рэшт нас будуць судзіць не па знешніх дзеяннях, але па любові, якую, як алей суцяшэння, мы здолелі выліць на раны нашых братоў”, - заўважыў Францішак падчас ватыканскай аўдыенцыі, якая прайшла 6 красавіка 2024 года.

Ён папрасіў сваіх гасцей “працягваць іх шлях” і захоўваць самую важную з усіх ласку – “умець быць кранутым, умець плакаць разам з тымі, хто плача”.

“Абыякавасць, індывідуалізм, які замыкае нас на лёсы бліжніх, і тая анестэзія сэрца, якая больш не дазваляе нам заставацца неабыякавымі, калі сутыкаемся з трагедыямі штодзённасці, – гэтыя тры рэчы з’яўляюцца найгоршым злом нашага грамадства. Калі ласка, не саромейцеся плакаць, перажываць за тых, хто пакутуе; не шкадуйце сябе ў праяўленні спагады да тых, хто слабы, таму што Езус прысутнічае ў гэтых людзях”, - звярнуўся Пантыфік да дабрачынцаў.
 

06 красавіка 2024, 11:19